Украіна выявіла больш за 150 замежных наймітаў у расійскай арміі за месяц. Сярод іх — беларусы

У снежні Служба знешняй выведкі Украіны выявіла больш за 150 замежных наймітаў у расійскай арміі. Яшчэ каля 200 чалавек рыхтуюцца далучыцца да расійскіх узброеных сіл, заявіў кіраўнік СЗВ Украіны Алег Івашчанка.

Большасць наймітаў — грамадзяне постсавецкіх краін і краін глабальнага поўдня, у тым ліку Беларусі, Таджыкістана, Узбекістана, Кубы, Кеніі, Кітая.

Замежнікаў вярбуюць у расійскую армію, абяцаючы ўзнагароджанне, спрошчанае атрыманне грамадзянства і амністыю для асуджаных.

«Масква наўмысна гуляе на эканамічнай нестабільнасці бедных краін і абмежаваных магчымасцях легальнай міграцыі, ператвараючы гэтыя фактары ў інструмент кантролю і ціску», — заявіў Івашчанка.

Таксама, на думку кіраўніка ўкраінскай СЗВ, вярбуючы замежнікаў, Расія спрабуе падаць вайну як канфлікт, што выходзіць за межы двухбаковага супрацьстаяння.

«Прысутнасць грамадзян Кітая, Кубы або афрыканскіх краін актыўна выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх наратывах як доказ падтрымкі з боку “незаходняга свету”», — лічыць Івашчанка.

Украінскі праект «Хачу жыць» у кастрычніку 2025 года паведамляў пра 1338 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку РФ. З іх 314 чалавек загінулі.

Замежныя найміты ў расійскай арміі, выяўленыя ў снежні 2025 г. Крыніца: СЗВ Украіны
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!