Украіна разлічвае на новы раўнд трохбаковых перамоў у лютым

Украіна разлічвае, што наступны раўнд трохбаковых перамоў адбудзецца ў лютым. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля дакладу ўкраінскай перамоўнай групы па выніках сустрэч у Швейцарыі.

«Удзячны камандзе за выразную працу ў межах дырэктыў, а таксама за цярпенне ва ўсіх размовах з расійскім бокам, далёка не заўсёды простых і адэкватных. Важна, што і прадстаўнікі Прэзідэнта Злучаных Штатаў таксама робяць усё, каб перамовы былі канструктыўнымі. І Украіна цалкам іх у гэтым падтрымлівае: наш унёсак заўсёды толькі ў канструктыў», — заявіў Зяленскі.

Украіна лічыць, што магчымасць годна завяршыць вайну захоўваецца, і чакае наступнага раўнда перамоў.

«Разлічваем, што ўжо ў найбліжэйшы час, у лютым, удасца арганізаваць яшчэ адзін раўнд перамоў і што гэты раўнд можа стаць сапраўды выніковым», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Украінскі бок падрыхтаваў адказы на самыя складаныя пытанні для наступнай сустрэчы і вызначыў прыярытэты для сваёй перамоўнай дэлегацыі.

Зяленскі падкрэсліў, што гатовы сустрэцца з Уладзімірам Пуціным.

«Працягваем працу і для гатоўнасці лідараў сустракацца і вырашаць тое, што пакуль не вырашаецца на ўзроўні каманд. Менавіта фармат на ўзроўні лідараў можа ў многім стаць вырашальным, і Украіна гатовая да такога фармату», — заявіў Зяленскі.

Таксама, паводле слоў Зяленскага, у найбліжэйшы час чакаецца абмен палоннымі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!