Скриншот видео facebook.com/ukinbelarus
Часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Уільям Лонгхёрст, які прыступіў да працы ў канцы ліпеня, запісаў відэазварот, у якім падзякаваў беларусам за цёплы прыём і парады наконт таго, што варта паглядзець і паспрабаваць у краіне. Ён таксама паспрабаваў звярнуцца да падпісчыкаў па-беларуску, паскардзіўшыся, што пакуль у яго лексіконе ўсяго два словы.
“Я хачу вам сказаць вялікі дзякуй за цёплы прыём. Шчыра кажучы, я не чакаў так шмат водгукаў, і гэта шмат гаворыць пра гасціннасць беларусаў. Яшчэ раз дзякуй за добрыя пажаданні, запрашэнні і парады, што паглядзець і паспрабаваць у Беларусі. Здаецца, што ў мяне ўжо цэлая праграма на 3 гады тут. Я таксама хацеў бы сказаць нешта па-беларуску, але, на жаль, пакуль я ведаю толькі два словы — “прывітанне” і “дзякуй”. Так што, дзякуй”, — сказаў ён.
Уільям Лонгхёрст мае больш чым 35-гадовы досвед дыпламатычнай службы. Ён працаваў у пасольствах Вялікабрытаніі ў Японіі, Паўднёвай Карэі, Камбоджы, Сербіі, Швейцарыі, а таксама ў пастаянным прадстаўніцтве Вялікабрытаніі пры ААН у Нью-Ёрку.
У 2019–2024 гадах ён займаў пасаду намесніка кіраўніка місіі ў пасольстве Вялікабрытаніі ў Швейцарыі, а таксама быў генеральным консулам Злучанага Каралеўства ў Швейцарыі і Ліхтэнштэйне.
У цяперашні час Вялікабрытанія не мае пасла ў Беларусі. Да Лонгхёрста пасаду часовага паверанага займаў Дэвід Уорд.