Цыклон «Прыска» пакінуў без электрычнасці 148 населеных пунктаў Беларусі

Моцны вецер, які суправаджае цыклон «Прыска», парушыў электразабеспячэнне ў некалькіх рэгіёнах Беларусі. Асноўнай прычынай адключэнняў сталі абрывы правадоў з-за падзення дрэў.

Паводле даных «Белэнерга» на 15:00, перабоі з электразабеспячэннем зафіксаваны ў 148 населеных пунктах. Асаблівы рэжым працы ўведзены ў Гродзенскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцях. Для ліквідацыі наступстваў непагадзі задзейнічаны 185 аварыйных брыгад і 220 адзінак тэхнікі. Работы ўскладняюцца вялікай колькасцю дрэў і галінак, якія ўпалі на лініі электраперадачы.

У Гродзенскай вобласці найбольш моцна ад непагадзі пацярпелі Гродзенскі, Шчучынскі, Мастоўскі і Воранаўскі раёны. Паводле інфармацыі «Гроднаэнерга», электразабеспячэнне парушана больш чым у 30 населеных пунктах рэгіёна. Для аднаўлення ліній 10 кВ задзейнічаны аварыйныя брыгады і спецыяльная тэхніка.

Метэаролагі абвясцілі аранжавы і чырвоны ўзроўні небяспекі. Парывы ветру могуць дасягаць 27 м/с.

Энергетыкі нагадалі, што абарваныя правады могуць знаходзіцца пад смяротна небяспечным напружаннем. Пры выяўленні пашкоджаных ліній нельга набліжацца да іх бліжэй чым на 8 метраў. Пра здарэнне варта паведаміць па нумарах 115 або 144.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!