«Бела-чырвона-белыя і бела-чырвоныя сцягі схіляюцца ў знак пашаны» – прэзідэнт Польшчы пасмяротна ўзнагародзіў Аляксандра Мілінкевіча

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі пасмяротна ўзнагародзіў Аляксандра Мілінкевіча Афіцэрскім крыжам ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча».

Узнагарода прысуджана “за выдатныя заслугі ў дзейнасці ў інтарэсах палякаў у Беларусі, дасягненні ў прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцей і ўклад у развіццё грамадзянскай супольнасці”, паведамілі ў прэс-службе польскага лідара.

Ад імя прэзідэнта Польшчы ўзнагароду перадаў удаве Мілінкевіча Іне Кулей дарадца прэзідэнта Лешэк Скіба. Цырымонія адбылася падчас развітання з Аляксандрам Мілінкевічам у варшаўскім архікафедральным саборы Святога Яна Хрысціцеля.

Скіба таксама зачытаў ліст Наўроцкага ўдзельнікам жалобных мерапрыемстваў. У ім польскі лідар назваў Мілінкевіча навукоўцам, педагогам, грамадскім дзеячам і палітыкам, які прысвяціў сябе справе свабоднай Беларусі.

“Бела-чырвона-белыя, а таксама бела-чырвоныя сцягі сёння схіляюцца ў знак пашаны чалавеку, які валодаў велізарнымі ведамі, сумленнасцю і мужнасцю. У асобе Аляксандра Мілінкевіча мы развітваемся з навукоўцам, педагогам, дзяржаўным служачым, грамадскім дзеячам і палітыкам, які прысвяціў свае таленты і сілу характару – сфармаваную, у тым ліку, спартыўным захапленнем – справе свабоднай Беларусі”, – гаворыцца ў пасланні.

Наўроцкі адзначыў яго ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2001 года, калі Мілінкевіч быў адным з кіраўнікоў штаба Сямёна Домаша, а таксама яго ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2006 года ў якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі.

“Гэтыя выбары былі прызнаны АБСЕ не адпаведнымі дэмакратычным стандартам. Як арганізатар і ўдзельнік пратэстаў супраць фальсіфікацый на выбарах Аляксандр Мілінкевіч стаў адным з сімвалаў мірнай барацьбы за свабоду, правы чалавека і еўрапейскую будучыню сваёй краіны”, – заявіў ён.

У сваім лісце прэзідэнт адзначыў цесныя сувязі Мілінкевіча з Польшчай.

“Ён належаў да пакалення беларускіх актывістаў і палітыкаў, якія бачылі будучыню сваёй радзімы ў дэмакратыі, развіцці і добрых адносінах з суседзямі ў рэгіёне. Асаблівыя сувязі звязвалі яго з Польшчай. Гэты праўнук удзельніка Студзеньскага паўстання ўнёс значны ўклад у пошукі парэшткаў караля Станіслава Аўгуста, апошняга кіраўніка Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, якія праводзіліся ў касцёле ў Воўчыне ў Гродзенскай вобласці. Ён таксама спрыяў стварэнню польскай школы ў Гродне. Ён імкнуўся да ўстанаўлення добрых адносін паміж Беларуссю і свабоднай Польшчай, а таксама да захавання правоў палякаў – грамадзян Рэспублікі Беларусь. У знак прызнання яго актыўнасці ў гэтай галіне ён атрымаў званне Ганаровага члена Саюза палякаў у Беларусі”, – адзначыў ён.

Польскі лідар таксама нагадаў, што Мілінкевіч быў ганаровым членам Саюза палякаў Беларусі, ініцыятарам і рэктарам Свабоднага беларускага ўніверсітэта, адным з ініцыятараў стварэння стыпендыяльнай праграмы ўрада Польшчы імя Кастуся Каліноўскага і ў 2022 годзе рашэннем прэзідэнта Польшчы атрымаў польскае грамадзянства.

«Хто імкнецца да свабоды, няхай пакіне радзіму і рызыкне сваім жыццём», — пісаў вялікі сын Навагрудчыны Адам Міцкевіч у даўніх, іншых гістарычных рэаліях, хоць і ў сітуацыі, шмат у чым падобнай да цяперашняга становішча Беларусі і беларусаў. Калі рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі станавіліся ўсё больш жорсткімі, Аляксандр Мілінкевіч прыняў рашэнне паследаваць парадзе паэта і пасяліцца ў свабодным свеце, у такой блізкай Беларусі краіне, як Польшча. Тут ён працягнуў сваю грамадскую, палітычную і культурную дзейнасць”, – адзначыў ён.

“У знак прызнання пазіцыі і заслуг Аляксандра Мілінкевіча я вырашыў пасмяротна ўзнагародзіць яго Афіцэрскім крыжам Ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча». Я веру, што вялікая справа, якой ён прысвяціў столькі клопату і намаганняў, у канчатковым выніку пераможа – і што настане дзень, калі свабодная, дэмакратычная Беларусь аддасць Аляксандру Мілінкевічу годнае месца ў гістарычнай памяці свайго народа. Родным і блізкім нябожчыка выказваю шчырыя спачуванні”, – гаворыцца ў пасланні.

Нагадаем, пра смерць Аляксандра Мілінкевіча стала вядома 11 жніўня. У лістападзе мінулага года ён перанёс складаную аперацыю на соннай артэрыі. Пасля яе ён доўгі час знаходзіўся ў цяжкім стане і праходзіў рэабілітацыю.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!