У віленскім кінатэатры «Skalvija» 8 красавіка а 19:30 адбудзецца паказ дакументальнага фільма Bialiatski / Unbroken, прысвечанага беларускаму праваабаронцу, дысідэнту і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму.

Стваральнікі стужкі (рэжысёр Эймантас Беліцкас, сцэнарысты Александрына Глагольева, Жорж Бланк) паказваюць гісторыю чалавека, якога часта называюць «Усходнееўрапейскім Нэльсанам Мандэлам». Праз успаміны блізкіх і паплечнікаў раскрываецца не толькі ягоная барацьба з аўтарытарнай сістэмай, але і асабістае — падтрымка, любоў і салідарнасць.
Стужка ўключае архіўныя кадры судоў, асабістыя матэрыялы і гісторыі салідарнасці з розных краін. Яна таксама закранае тэму падтрымкі паміж палітвязнямі і сілу чалавечых сувязяў нават ва ўмовах ізаляцыі.
Асобная частка фільма знятая ў Вільні — тут зафіксаваныя першыя дні волі Бяляцкага пасля доўгай разлукі з сям’ёй.

Фільм быў зняты кінакампаніяй «Чацвёртая версія», ён ідзе на беларускай, рускай і англійскай мовах з літоўскімі субтытрамі. Постпрадакшн дакументальнага фільма «Бяляцкі / Нязломны» падтрымала ArtPower Belarus.
Стваральнікі плануюць далейшае фестывальнае жыццё фільма і міжнародныя паказы, каб прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі і пашырыць разуменне шматгадовага досведу беларускіх праваабаронцаў.
Пасля паказу адбудзецца дыскусія з камандай фільма. Набыць квіткі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
