У Венесуэле прыняты закон аб амністыі палітвязняў

Навіны
Фото: Ronal Labrador / Unsplash.com

Парламент Венесуэлы, які кантралюецца кіраўнічай партыяй, прыняў законапраект аб абмежаванай амністыі, якая закране палітвязняў.

Раней часовы прэзідэнт Дэлсі Радрыгес ужо вызваліла сотні людзей, прызнаных палітвязнямі.

Як паведамляе Reuters, прыняты закон прадугледжвае амністыю для асоб, якія ўдзельнічалі ў палітычных пратэстах і «гвалтоўных акцыях» падчас кароткачасовага дзяржаўнага перавароту ў 2002 годзе, а таксама ў дэманстрацыях або выбарах у пэўныя перыяды ў 2004, 2007, 2009, 2013, 2014, 2017, 2019, 2023, 2024 і 2025 гадах. Ён не закранае асуджаных за «ваенны мяцеж» за ўдзел у падзеях 2019 года.

У законе не ўдакладняецца, якія менавіта злачынствы падлягаюць амністыі. Ён не прадугледжвае вяртання маёмасці затрыманых, адмены забаронаў на занятак дзяржаўных пасад, накладзеных па палітычных прычынах, або скасавання санкцый у дачыненні да СМІ.

Ён таксама дазваляе асобам, якія знаходзяцца за мяжой, прызначыць адваката для падачы заявы аб амністыі ад іх імя, аднак ім давядзецца асабіста прыехаць у краіну, каб атрымаць амністыю. Таксама закон распаўсюджваецца толькі на «асоб, якія спынілі здзяйсненне дзеянняў, што ўяўляюць сабой злачынствы», што можа выключыць актывістаў, якія працягнулі сваю палітычную дзейнасць за межамі краіны.

У ім таксама ёсць палажэнне аб скасаванні міжнародных ордэраў на арышт для асоб, якія атрымалі амністыю.

Дэлсі Радрыгес падпісала закон аб амністыі пасля яго ўхвалення Нацыянальнай асамблеяй.

Праваабарончыя арганізацыі падверглі крытыцы абмежаваны характар амністыі. Яны настойваюць на дэмантажы апарату рэпрэсій.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны