У Літве раскрыта група, якая рыхтавала палітычныя забойствы. Сярод фігурантаў справы ёсць грамадзяне Беларусі

У Літве раскрыта група, якая рыхтавала забойства актывіста з Расіі, які атрымаў прытулак у Літве, і дарадцы па палітычных пытаннях, які быў вядомы сваёй крытыкай у адрас Расіі. Пра гэта паведаміла Delfi.

Забойства не было здзейснена. У сакавіку мінулага года паліцыя правяла аперацыю і затрымала падазраваных. У лютым гэтага года ў Грэцыі па еўрапейскім ордары на арышт, выдадзеным Літвой, быў затрыманы 55-гадовы мужчына, які падазраецца ў планаванні злачынства.

У матэрыялах справы фігуруюць чатыры грамадзяніны Грэцыі, у тым ліку адзін мае таксама расійскае грамадзянства. Таксама сярод падазраваных грамадзяне Грузіі, Украіны, Беларусі і Літвы. Выданне Voria ўдакладняе, што ў справе фігуруюць двое грамадзян Беларусі. У чым заключалася іх роля ў групе, у публікацыях не раскрываецца.

Паводле інфармацыі СМІ, галоўныя арганізатары каардынавалі сачэнне і рыхтавалі план забойства, які за 40 тыс. еўра павінны былі ажыццявіць наёмныя асобы, арганізатару планавалі заплаціць 50 тыс. еўра. Частку сумы ў 5 тыс. еўра ўжо перавялі для фінансавання пачатковай стадыі – атрымання дакументаў і аплаты паездкі ў Літву.

Падазраваныя збіралі інфармацыю пра патэнцыйных ахвяр, сачылі за імі, фатаграфавалі, здымалі відэа, у машыне адной з патэнцыйных ахвяр быў усталяваны жучок. Паліцыя таксама мяркуе, што падазраваныя нават узламалі электронныя сістэмы актывіста. Адзін з фігурантаў, звязаных з Грэцыяй, мог спрабаваць знайсці грамадзяніна Літвы, які павінен быў перадаць зброю, аднак гэты план не быў рэалізаваны.

Расследаванне працягваецца. Адзін з падазраваных можа знаходзіцца ў Германіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!