Адміністрацыя Трампа шукае спосабы пакараць саюзнікаў па НАТА, якія не падтрымалі вайну супраць Ірана – WSJ

У адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўваюцца варыянты пакарання для саюзнікаў па НАТА, якія не падтрымлівалі аперацыю супраць Ірана. Пра гэта піша The Wall Street Journal.

Раней Дональд Трамп выступаў з крытыкай НАТА з-за пазіцыі саюзнікаў па аперацыі супраць Ірана. Дзяржсакратар Марка Рубіа заяўляў, што адносіны з Альянсам пасля заканчэння вайны давядзецца перагледзець.

Як адзначае выданне, выхад ЗША з НАТА патрабуе згоды Кангрэса, таму ў адміністрацыі Трампа разглядаюць іншыя дзеянні. Адным з іх можа быць пераразмеркаванне войскаў ЗША ў Еўропе. Амерыканскія падраздзяленні могуць быць выведзены з краін, якія, на думку Белага дома, не аказалі падтрымкі дзеянням супраць Ірана, і размешчаны ў краінах, якія аказваюць большую падтрымку. План пакуль знаходзіцца на ранняй стадыі распрацоўкі.

Яшчэ адзін варыянт прадугледжвае закрыццё ваенных баз у Еўропе. Так, можа быць закрыта як мінімум адна база ў Іспаніі або Германіі. Нагадаем, Іспанія займае найбольш рэзкую пазіцыю па канфлікце з Іранам. Таксама абмяжоўвалі выкарыстанне сваёй тэрыторыі і паветранай прасторы для мэт аперацыі Францыя і Італія.

Крыніцы газеты адносяць да краін, “якія падтрымалі” аперацыю ў разуменні адміністрацыі Трампа, Польшчу, Румынію, Літву і Грэцыю. Мяркуецца, у гэтыя краіны могуць быць перамешчаны амерыканскія войскі ў Еўропе.

Дональд Трамп у сетцы Truth Social у сераду ў чарговы раз папракнуў саюзнікаў.

«НАТА не было побач, калі мы ў іх мелі патрэбу, і іх не будзе побач, калі яны нам зноў спатрэбяцца. Памятайце Грэнландыю, гэты вялікі, дрэнна кіраваны кавалак лёду», – напісаў ён.

Трамп сёння сустракаўся з генсекам НАТА Маркам Рутэ. У інтэрв’ю CNN пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Рутэ пацвердзіў, што Трамп расчараваны саюзнікамі.

“Ён, відавочна, расчараваны многімі саюзнікамі па НАТА, я магу яго зразумець. Разам з тым я змог паказаць на тое, што большасць еўрапейскіх краін былі карысныя ў плане баз, лагістыкі, пералётаў, гарантуючы, што яны прытрымліваюцца сваіх абавязацельстваў”, – сказаў ён.

Рутэ не стаў наўпрост адказваць на пытанне, ці казаў Трамп пра выхад з НАТА.

«Ну, як я ўжо сказаў, расчараванне, безумоўна, ёсць, але ў той жа час ён уважліва выслухаў мае довады пра тое, што адбываецца», – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!