БРЦ: беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе гемастатычныя сродкі расійскай арміі

Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў расследаванне аб пастаўках кроваспыняльных сродкаў з Беларусі для расійскай арміі. У іх уцягнутая кампанія з эстонскім капіталам.

Як высветлілі расследавальнікі з дапамогай «Рабочага Руху» і «Кіберпартызанаў», беларуская «Таллмін Медыкал» пастаўляе праз свайго расійскага дылера “Авіён” кроваспыняльныя сродкі расійскім вайскоўцам.

Адпраўной кропкай для расследавання сталі пасты ў тэлеграм-канале валанцёрскага руху, які падтрымлівае 33-ці гвардзейскі мотастралковы полк 20-й дывізіі Узброеных сіл Расіі. У іх ішла гаворка пра сродак «Таллмін-Бел», грошы на пастаўку якога збіралі ўдзельнікі руху. Пазней расследавальнікі знайшлі згадку «Таллмін-Бела» і ў іншых зборах на патрэбы тых, хто ваюе супраць Украіны. Яны таксама знайшлі і дакументальнае пацвярджэнне паставак. Журналіст БРЦ таксама дазваніўся расійскаму дылеру пад выглядам валанцёра і нават змог атрымаць зніжку на прэпарат.

БРЦ расказвае пра кіраўнікоў і ўласнікаў вытворцы гемастатыка «Таллмін Медыкал». Кіруе кампаніяй былы ваенны ўрач Алег Бобрык. У розныя гады ён кіраваў ваенным шпіталем у Барысаве і працаваў у Ваеннай акадэміі Беларусі і Рэспубліканскім шпіталі МУС.

Амаль палова кампаніі належыць грамадзянам Беларусі: Юрыю Кудзіну, былому супрацоўніку Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, папярэдніка ГУБАЗіК (10%) і бізнесмену Мікалаю Чарнышову, былому намесніку дырэктара «Энерга-Оіл» (39%).

51% «Таллмін Медыкал» валодае зарэгістраваная ў 2014 годзе ў Эстоніі New Century Holding. Яе мажарытарны ўласнік — грамадзянін Эстоніі Алег Саўчанка.

Расследавальнікі таксама ўстанавілі, што Саўчанка і Чарнышоў звязаныя з яшчэ адным бізнесам у ЕС. Абодва ўваходзілі ў склад членаў праўлення эстонскай Fivecrew, якая валодае паловай іншай эстонскай кампаніі Inccom. Апошняй, у сваю чаргу, належыць французская Gelyne SAS, якая вырабляе сельскагаспадарчую прадукцыю.

Журналіст БРЦ патэлефанаваў Алегу Саўчанку, прадставіўшыся зборшчыкам рыштунку для расійскіх вайскоўцаў, і прапанаваў выпісаць Саўчанку грамату з падзякай. Той пацвердзіў, назваў тэму «далікатным пытаннем» і нагадаў, што жыве ў Эстоніі. Падзяку Саўчанка прапанаваў накіраваць Алегу Бобрыку, дырэктару «Таллмін-Медыкал». Праз 7 хвілін пасля завяршэння размовы Саўчанка даслаў паведамленне, у якім адмаўляў сказанае раней, падкрэсліўшы, што ніяк не звязаны з апісаным бізнесам і «не вельмі зразумеў», пра што гаварыў суразмоўца.

Цалкам расследаванне можна прачытаць на сайце БРЦ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!