Абвешчаныя вынікі конкурсу «Голас пакалення свабоды 2026»

Журы назвала лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі «Голас пакалення свабоды 2026», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы».

Мэтай прэміі стала ўшанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве.

Сёлета прэмію атрымалі 9 лаўрэатак і лаўрэатаў (трое асобаў з іх зашыфраваныя і не абвяшчаюцца публічна з меркаванняў бяспекі):

  • Наталля Бордак (Наталка Хвоя)
  • Алесь Лозка
  • Аляксандр Манцэвіч
  • Соф’я Савелава
  • Аляксандр Смалянчук
  • Тамара Шчапёткіна

«У нашай гісторыі занадта часта здаралася так, што чалавек усё жыццё будаваў свой дом, сваю справу, сваю Беларусь – а потым мусіў пакінуць усё і пачынаць спачатку. Але ёсць тое, што немагчыма адабраць і вывезці з чалавека. Яго голас. Гэтыя людзі захавалі свае галасы і працягваюць гаварыць, хоць сёння Беларусь не можа іх пачуць у сябе дома. Я веру, што прыйдзе час, калі гэтыя галасы вернуцца дадому», – пракаментавала сябра журы прэміі ад Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч.

Галасы лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі з’явяцца на старонках зборніка «Голас пакалення свабоды», прэзентацыя якога адбудзецца 7 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску.

У той жа дзень у межах праграмы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!