У Беларусі зменены фармат экзамену для асоб, якія ўпершыню паступаюць на дзяржаўную грамадзянскую службу. Адпаведны ўказ падпісаў 19 лютага Аляксандр Лукашэнка.
Тыя, хто паступае на дзяржслужбу, будуць здаваць адзіны тэст, распрацаваны Акадэміяй кіравання пры прэзідэнце. Падчас тэставання будзе ацэньвацца ўзровень ведаў Канстытуцыі Беларусі і іншых заканадаўчых актаў, валоданне якімі неабходна для ўсіх катэгорый дзяржаўных грамадзянскіх служачых.
«Правядзенне экзамену такім спосабам дазволіць выключыць суб’ектыўнасць і пратэкцыянізм у кадравай працы, а таксама павысіць патрабаванні да асоб, якія паступаюць на дзяржаўную грамадзянскую службу», – заяўляе прэс-служба Лукашэнкі.
Пералік пытанняў і дэманстрацыйная версія тэставых заданняў для бясплатнага пробнага тэставання будуць размешчаны на сайце Акадэміі кіравання.
