Трамп абвясціў пра новыя пошліны пасля рашэння суда

Навіны
Official White House Photo by Molly Riley

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў расчараванне рашэннем Вярхоўнага суда ЗША, які прызнаў незаконным увядзенне пошлін на падставе закона аб міжнародных надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах (IEEPA). Ён заявіў, што будзе шукаць іншыя спосабы ўвесці тарыфы, і абвясціў пра новыя пошліны ў 10% на ўвесь імпарт.

«Рашэнне Вярхоўнага суда па ТАРЫФАХ выклікае глыбокае расчараванне! Мне сорамна за некаторых членаў суда за тое, што ў іх не хапіла мужнасці зрабіць тое, што правільна для нашай краіны», — напісаў Трамп у сацсетцы Truth Social.

Трамп падкрэсліў, што, акрамя пошлін па IEEPA, існуюць іншыя інструменты і механізмы, якія ён можа законна ўжываць. Ён заявіў пра ўвядзенне пошліны ў 10% на ўвесь імпарт.

«Сёння я падпішу ўказ аб увядзенні 10-працэнтнага ГЛАБАЛЬНАГА ТАРЫФУ на падставе Раздзела 122 — звыш нашых звычайных тарыфаў, якія ўжо спаганяюцца», — заявіў Трамп.

Дапоўнена

У адпаведнасці з указам Трампа пошліны ў памеры 10% уводзяцца з 24 лютага тэрмінам на 150 дзён.

Яны не будуць распаўсюджвацца на шэраг тавараў, у прыватнасці на шэраг металаў, энерганосьбіты, прыродныя рэсурсы і ўгнаенні, якіх няма ў ЗША, некаторыя віды сельгаспрадукцыі, у тым ліку ялавічыну, памідоры, апельсіны, фармацэўтыку, асобныя віды электронных прылад, некаторыя транспартныя сродкі, вырабы аэракасмічнай галіны. Таксама яны не распаўсюджваюцца на тавары з Канады і Мексікі, якія падпадаюць пад дзеянне пагаднення USMCA, тэкстыль і шэрагу краін Цэнтральнай Амерыкі.

У асобным указе прэзідэнт Трамп таксама пацвердзіў і працягнуў прыпыненне дзеяння рэжыму бяспошліннага гандлю для тавараў невялікай вартасці, уключаючы тавары, якія адпраўляюцца па пошце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны