СК узмацніў кантроль за публікацыямі ў сацсетках. Ёсць першыя затрыманні

Следчы камітэт заявіў пра выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці за публікацыі ў Threads і TikTok. Крымінальныя справы былі ўзбуджаныя паводле артыкулаў аб распальванні сацыяльнай варожасці і варожнечы, а таксама загадзя ілжывых паведамленнях пра небяспеку.

«Кантроль быў заўсёды. Проста па тэндэнцыях звярнулі ўвагу, што менавіта ў Threads, менавіта ў TikTok чамусьці людзі палічылі, што там ніякія прававыя нормы не дзейнічаюць. І неабходна было нагадаць, што пэўная адказнасць за іх дзеянні існуе. Зразумела, што ўсю гэтую інфармацыю спрабавалі перавярнуць, спрабавалі гуляць на свабодзе слова, на правах чалавека», — заявіў у эфіры СТБ афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Аляксандр Суходольскі.

Паводле слоў Суходольскага, пасля заявы пра ўзмацненне кантролю за сацыяльнымі сеткамі людзі сталі больш уважліва ставіцца да таго, што пішуць, а ў некаторых выпадках нават выдаляць допісы.

Прадстаўнік СК адзначыў, што ёсць факты затрыманняў і прыцягнення да крымінальнай адказнасці за публікацыі.

«Ёсць асобныя факты, мы пакуль іх не агучвалі. Ёсць устаноўленыя асобы, якіх затрымлівалі і прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за публікацыі. Канкрэтны пералік, за што мы прыцягвалі, мы называлі: гэта распальванне сацыяльнай варожасці і варожнечы, загадзя ілжывыя паведамленні пра небяспеку», — заявіў Суходольскі.

Наталля Сахарчук, начальніца ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, падкрэсліла, што міліцыя можа знайсці аўтара любога паведамлення ў інтэрнэце, у тым ліку выдаленага.

«Інтэрнэт памятае ўсё. І калі вы любое слова, любы візуал хоць на секунду размяшчаеце ў інтэрнэце, а потым выдаляеце, лічбавы след застаецца там назаўсёды. На сённяшні момант у МУС дастаткова сродкаў і сіл, каб вас адшукаць. Ананімнасці няма. Кожны наш сённяшні тэлегледач павінен разумець, што за любое дзеянне надыходзіць адказнасць, ёсць наступствы», — заявіла Сахарчук.

Нагадаем, СК папярэдзіў пра ўзмацненне кантролю за публікацыямі ў Threads і TikTok у чэрвені гэтага года. Заяўлялася, што найбольшая ўвага будзе надавацца дэзінфармацыі насельніцтва, распальванню сацыяльнай варожасці, загадзя ілжывым паведамленням пра небяспеку і рэабілітацыі нацызму.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!