Фото: pixabay.com
Мінскі гарадскі суд вынес прысуд жыхару сталіцы. Яго абвінавачвалі ў фінансаванні «экстрэмізму» і незаконным абароце агнястрэльнай зброі.
Падставай для абвінавачання паводле ч. 1 арт. 361-2 сталі два данаты ў памеры 5 долараў і 10 еўра, зробленыя на адрас BYSOL і «Беларускай Рады культуры», якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» фарміраваннямі.
«Пра магчымасць ажыццяўлення пераводу грашовых сродкаў на адрас названых супрацьпраўных груп для забеспячэння іх дзейнасці даведаўся з сацыяльнай сеткі Facebook», — паведамілі ў пракуратуры.
Падставай для абвінавачання паводле ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса стала купля мужчынам у снежні 2024 года на адным з маркетплэйсаў траўматычнага пісталета.
«У снежні 2024 года мужчына праз адзін з маркетплэйсаў набыў рэвальвер мадэлі „БУЛЬДОГ“ вытворчасці завода „KURS“ коштам больш за 3 тыс. рублёў, прызначаны для стральбы гумовымі сферычнымі снарадамі з выкарыстаннем будаўніча-мантажных патронаў калібру 5,6*16. Паводле заключэння эксперта, рэвальвер з’яўляецца агнястрэльнай зброяй траўматычнага дзеяння.
Названую агнястрэльную зброю абвінавачаны незаконна насіў пры сабе, перавозіў і захоўваў у належным яму аўтамабілі», — распавялі ў пракуратуры.
Варта адзначыць, што ў Расіі такая зброя з’яўляецца легальнай.
Суд прызначыў мінчуку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 5 гадоў са штрафам у памеры 100 базавых велічынь (4,5 тыс. рублёў). Акрамя таго, у яго канфіскавалі рэвальвер і аўтамабіль.