Беларусь і Мазамбік плануюць прыцягнуць Банк развіцця Беларусі да фінансавання сумесных праектаў

Беларусь і Мазамбік прыцягнуць Банк развіцця Беларусі да фінансавання праектаў у Мазамбіку. Пра гэта ішла гаворка падчас візіту міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова ў Мазамбік на сустрэчы з міністрам сельскай гаспадаркі, навакольнага асяроддзя і рыбалоўства Мазамбіка Раберта Міту Албіна 17 ліпеня.

Паводле слоў Албіна, галоўнай перашкодай для рэалізацыі сумесных ініцыятыў да гэтага часу заставалася адсутнасць фінансавага механізму, паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі Мазамбіка.

«Нам не ставала фінансавага інструмента, які дазволіў бы ўвасобіць гэтае супрацоўніцтва ў жыццё. Гэты візіт прынёс фінансавае рашэнне, і адгэтуль тэхнічныя групы з Мазамбіка і Беларусі будуць сумесна працаваць над падрыхтоўкай прапановы для Банка развіцця Беларусі», — сказаў ён.

Ён дадаў, што рэалізацыя партнёрства будзе ўключаць узгадненне фінансавага пакета, падпісанне пагадненняў аб фінансаванні і рэалізацыю сумесных праектаў.

Міністр сельскай гаспадаркі Мазамбіка назваў адным з прыярытэтаў супрацоўніцтва пастаўкі ў Беларусь мазамбікскай сельскагаспадарчай прадукцыі з дабаўленай вартасцю, у першую чаргу міндалю і садавіны.

Мазамбікскі бок таксама прапанаваў беларускім кампаніям інвеставаць у краіну.

«Тут адкрываецца мноства магчымасцяў для беларускіх кампаній па экспарце прадукцыі і інвеставанні ў Мазамбіку», — адзначыў Албіна.

Мазамбік прапануе Беларусі выкарыстоўваць лагістычныя магчымасці сваёй краіны для выхаду на рынкі краін Супольнасці развіцця Поўдня Афрыкі. Мазамбік таксама разлічвае на супрацоўніцтва ў мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі.

Аляксандр Зінгман на сустрэчы ў Мазамбіку. Фота: facebook.com/MAAPMZ
Фота: facebook.com/MAAPMZ
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!