Сіманян: Мадэль кіравання Беларусі непрымальная для Арменіі

Спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманян адказаў на рэакцыю беларускага МЗС на сваё параўнанне Беларусі з расійскай губерняй і палумачыў, што менавіта пагаршае адносіны паміж Мінскам і Ерэванам, піша Panorama.

«Не каментую. Беларусь — гэта Беларусь, Арменія — гэта Арменія. Я ў адказе за сваю краіну», — заявіў ён на просьбу журналіста пракаментаваць заяву беларускага МЗС пра перадвыбарны папулізм у Арменіі.

На пытанне, ці не пагоршаць заявы адносіны паміж Арменіяй і Беларуссю, Сіманян адказаў, што пагаршэнню спрыяе непаважлівае стаўленне Мінска да Ерэвана.

«Адносіны пагаршае не гэта, а непаважлівае стаўленне да Арменіі, да саюзніка па АДКБ, да армянскай дзяржаўнасці. Адносіны пагоршыла падрыхтоўка з Азербайджанам да 44-дзённай вайны. Ёсць мноства фактараў, якія пагаршаюць адносіны, і палітычны курс — гэта выбар кожнай дзяржавы», — заявіў спікер армянскага парламента.

Сіманян падкрэсліў, што мадэль кіравання Беларусі непрымальная для Арменіі.

«Для Арменіі правы чалавека і свабоды з’яўляюцца найважнейшымі каштоўнасцямі. Я лічу, што кожная краіна выбірае свой шлях: мы выбралі шлях дэмакратызацыі, а яны — некалькі іншы шлях, не такі, як у Арменіі.

Арменія губерняй не будзе, Арменія не будзе ў палітычнай залежнасці, Арменія ўзровень свайго суверэнітэту будзе павышаць, і прыклад кіравання ў Беларусі для маёй краіны, для мяне непрымальны. Арменія — свабодная краіна, са сваімі свабоднымі медыя, правамі чалавека, вяршэнствам закона», — заявіў Сіманян.

Нагадаем, 3 мая Сіманян параўнаў Беларусь з губерняй Расіі. МЗС Беларусі назваў гэтыя словы перадвыбарным папулізмам і практыкаваннем у абразлівых ярлыках. Часоваму паверанаму ў справах Арменіі ў Беларусі ўручылі ноту пратэсту.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!