Карэйскія вытворцы мікрачыпаў Samsung Electronics і SK Hynix прысматриваюцца да кітайскага абсталявання кампаніі Advanced Micro-Fabrication Equipment (AMEC). Пра гэта піша Reuters са спасылкай на крыніцы.
Паводле інфармацыі агенцтва, кампаніі тэстуюць кітайскае абсталяванне для выкарыстання на сваіх кітайскіх фабрыках па выпуску мікрасхем памяці.
Samsung у заяве для Reuters адмаўляе падобныя планы. SK Hynix адмовілася ад каментарыяў.
Агенцтва адзначае, што ЗША спрабуюць паслядоўна абмяжоўваць доступ КНР да сучаснага абсталявання для вытворчасці мікраэлектронікі. Аднак пры гэтым яны ствараюць акно магчымасцяў для кітайскіх распрацоўшчыкаў такіх ліній, якія могуць атрымаць новыя кантракты з кампаніямі, што маюць вытворчыя магутнасці ў КНР і рызыкуюць сутыкнуцца з наступствамі амерыканскага экспартнага кантролю.
Samsung выпускае NAND-флэш-памяць на фабрыцы ў Сіані, а SK Hynix мае фабрыкі ў Усі. Абедзве кампаніі цяпер працуюць у КНР на абсталяванні амерыканскіх кампаній Applied Materials і Lam Research.