Ален Симонян. Фото: Facebook
Спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманян заявіў, што ў дачыненні да краіны прадпрымаецца спроба палітычнай аперацыі па змене ўлады, і правёў паралель з Беларуссю як прыкладам таго, чым Арменія, паводле яго слоў, не хоча станавіцца. Гэта прагучала ў эфіры Грамадскага тэлебачання Арменіі 2 мая, піша “Новости-Армения”.
«Калі ва Украіне яны спрабуюць ваенным спосабам прасоўваць і вырашаць свае інтарэсы, то ў Рэспубліцы Арменія адбываецца спроба палітычнай аперацыі, спроба захопу ўлады», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, Расія выкарыстоўвае адкрытасць армянскага грамадства супраць самой краіны — скупляючы рэкламу ў інтэрнэце і апазіцыйныя СМІ.
«Тое, што мы дэмакратычныя, яны цяпер спрабуюць выкарыстаць супраць нас. Кажуць: у вас інтэрнэт адкрыты? Мы ў гэтым інтэрнэце нашымі рублямі столькі рэкламы купім, што ўсё будзе наша. 90–95% армянскіх СМІ апазіцыйныя? Мы частку гэтых СМІ купім […] і выкарыстаем супраць вас. […] Мы не дазволім зрабіць Рэспубліку Арменія губерняй. Мы не будзем кіраваныя як Беларусь», – заявіў Сіманян.
Пазней ён вярнуўся да гэтага параўнання.
«Або ты павінен быць Арменіяй, каб мець збалансаваныя адносіны і з Расіяй, і з тымі, і з іншымі, або ты павінен быць ускраінай, або Беларуссю», – заявіў ён.
Гаворачы пра адносіны з Расіяй, спікер падкрэсліў, што Арменія не мае намеру абвяшчаць ёй вайну або дзейнічаць супраць яе, аднак не збіраецца ахвяраваць сваёй незалежнасцю.
«Мы не прадамо нашу незалежнасць. Мы не станем губерніяй. Не можа быць такога, у гэтага няма цаны», — заявіў ён.
Спікер заявіў таксама, што цяперашняя армянская апазіцыя – прарасійская, пра што яны самі кажуць.
«А ў каштоўнасным сэнсе я лічу сябе еўрапейцам. Я лічу, што армянскі народ – еўрапейскі народ, народ, які падзяляе еўрапейскія каштоўнасці. І еўрапейская каштоўнасць – гэта свабода слова, гэта правы чалавека, свабоды чалавека, права чалавека на жыццё, якія для мяне з’яўляюцца прынцыповымі ісцінамі», – падкрэсліў ён.
На наступным тыдні ў Арменіі пройдуць саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці і першы саміт Арменія — ЕС, на якіх чакаецца ўдзел у тым ліку Эманюэля Макрона і Уладзіміра Зяленскага.