У інтэрнэце стварылі клон гістарычнага часопіса БДУ

У інтэрнэце з’явіўся клон гістарычнага часопіса БДУ. Пра гэта распавялі ў прэс-службе ўніверсітэта.

Сайт дзейнічае ўжо некалькі месяцаў. Ён капіруе інфармацыю з сапраўднага часопіса БДУ. Падробка ўтрымлівае сапраўдныя архівы артыкулаў, пачынаючы з 2017 і заканчваючы сярэдзінай 2025 года.

Аднак наступныя выпускі ўжо скампраметаваныя. У іх уключаны артыкулы альбо неіснуючых аўтараў, напісаныя з дапамогай штучнага інтэлекту для маніпуляцый з паказчыкамі цытавання, альбо рэальных вучоных, якія па памылцы заплацілі за публікацыю ў часопісе-клоне.

Прычынай з’яўлення такога сайта ва ўніверсітэце назвалі атрыманне арыгінальным часопісам найвышэйшай ацэнкі Q1 у рэйтынгу часопісаў базы дадзеных Scopus.

Размясціць артыкул у рэальным выданні з базы Scopus няпроста. Таму ўзнікае попыт на стварэнне клонаў.

«Ашуканцы атрымліваюць камерцыйную выгаду ад рэалізацыі такой схемы, а нядобрасумленныя аўтары маюць магчымасць за грошы павялічыць цытаванасць і ў тэорыі нават атрымаць індэксацыю свайго артыкула ў Scopus і іншых аўтарытэтных базах дадзеных», – растлумачыў дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Кулажанка.

БДУ прымае меры па ліквідацыі клона.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!