МЗС Беларусі ўручыў армянскаму дыпламату ноту пратэсту

5 мая ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах Арменіі ў Беларусі Артур Саргсян. Яму ўручылі ноту пратэсту.

«Армянскаму дыпламату быў заяўлены рашучы пратэст і ўручана адпаведная нота ў сувязі з нядаўнімі недружалюбнымі дзеяннямі армянскага боку», — паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

МЗС не ўдакладняе, якія «недружалюбныя дзеянні армянскага боку» маюцца на ўвазе. 4 мая ў Ерэване праходзіў саміт Еўрапейскага палітычнага супольніцтва, у якім прымала ўдзел лідар беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская.

3 мая спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сімонян назваў Беларусь губерняй Расіі. МЗС Беларусі адрэагаваў на гэтыя словы, назваўшы заяву Сімоняна папулізмам і практыкаваннем у абразлівых ярлыках.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!