Андрей Маковский. Фото: facebook.com/andrus.bezdar
Прыбліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал звязаў затрыманні ў мінскім офісе ZROBIM architects з публікацыяй заснавальніка кампаніі Андрэя Макоўскага у Threads. У допісе ён расказаў пра ліст з дзяржорганаў аб неабходнасці наймаць ідэолага ў штат кампаніі.
«Ідэолаг у штаце яму замінаў. (…) Ну і вынік сябе чакаць не прымусіў. (…) А вось не зубаскаліў бы кіраўнік у Threads, не ладзіў бы цырк, глядзіш, і менш радыкальным умяшаннем абышлося б», — напісаў прапагандысцкі рэсурс.
Нагадаем, раніцай 9 красавіка сілавікі прыйшлі ў мінскі офіс ZROBIM architects. Каля 11 гадзін былі затрыманы ўсе супрацоўнікі, якія знаходзіліся на працоўных месцах — каля 50 чалавек. Паведамлялася, што сярод затрыманых апынуўся і сам Макоўскі. Адначасова стаў недаступны працоўны сервер кампаніі.
ZROBIM architects — беларуская архітэктурная студыя, заснаваная ў 2011 годзе Андрэем Макоўскім і Аляксеем Караблёвым. Кампанія працуе як у Беларусі, так і за мяжой, і рэгулярна атрымлівае міжнародныя ўзнагароды. У мінулым годзе праект школы ў мінскім мікрараёне Новая Баравая стаў пераможцам IIDA Global Excellence Award 2025 у катэгорыі «Адукацыя».