Фото: facebook.com/zrobimarchitects
У Мінску затрымалі каля 50 супрацоўнікаў архітэктурнай студыі ZROBIM architects, піша «Зеркало» са спасылкай на крыніцы. Паводле інфармацыі рэсурсу, сілавікі прыйшлі ў мінскі офіс вядомай архітэктурнай студыі ZROBIM architects раніцай 9 красавіка.
Каля 11 гадзін раніцы былі затрыманы ўсе супрацоўнікі, якія знаходзіліся на працоўных месцах — каля 50 чалавек. Сярод затрыманых, паводле дадзеных выдання, апынуўся і заснавальнік кампаніі Андрэй Макоўскі. Прычыны цікавасці сілавікоў да студыі пакуль невядомыя.
Паводле слоў крыніц, адначасова стаў недаступны працоўны сервер кампаніі, праз які ў тым ліку супрацоўнікі працуюць дыстанцыйна.
ZROBIM architects — беларуская архітэктурная студыя, заснаваная ў 2011 годзе Андрэем Макоўскім і Аляксеем Караблёвым. Кампанія працуе як у Беларусі, так і за мяжой і рэгулярна атрымлівае міжнародныя ўзнагароды. У мінулым годзе праект школы ў мінскім мікрараёне Новая Баравая стаў пераможцам IIDA Global Excellence Award 2025 у катэгорыі «Адукацыя».