Фото: Департамент госбезопасности Литвы
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы захоўвае сваю ацэнку рызык з боку Беларусі. Пра гэта заявіў кіраўнік ДГБ Рымігіюс Брыдзікіс. Паводле яго слоў, асобы, якія прымаюць рашэнні адносна палітыкі ў дачыненні да Мінска, інфармуюцца пра гэтыя ацэнкі.
«Канешне, з боку службаў мы бачым вялікія рызыкі. Мы праінфармавалі нашых асоб, якія прымаюць рашэнні, пра існуючыя рызыкі і пра тое, наколькі шырока яны могуць быць выкарыстаны. Для гэтага і існуюць палітыкі і асобы, якія прымаюць рашэнні. Пытанне цяпер у тым, як мы будзем кіраваць імі ў будучыні, калі такія рашэнні будуць прыняты. Аднак мы не можам даваць парады пра тое, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, бо наш абавязак — паказаць усе аспекты сітуацыі», – сказаў ён, каментуючы дыскусію пра магчымы дыялог Вільнюса і Мінска, перадае Delfi.
Кіраўнік ДДБ канстатаваў, што беларускі бок працягвае пераследаваць літоўскіх грамадзян, вядзе разведвальную дзейнасць, спрабуе аказваць уплыў на Літву.
“Адзін аспект – гэта нанясенне нам шкоды, аказанне на нас уплыву, маніпуляванне сітуацыяй. Іншая мэта – пошук адносін з Захадам (…) Эканамічныя выгоды ніякім чынам не змяняюць рашучасці ўнутранага рэжыму дзейнічаць супраць нас, разам з Расіяй – таксама», – дадаў ён.
Тэма таксама была ўзнята сёння ў эфіры Žinių radijas з галоўным дарадцам прэзідэнта Дэйвідасам Матулёнісам.
“Дыялог разглядаецца, дыялог у той ці іншай форме ёсць. На больш нізкім палітычным узроўні мы не адмаўляемся ад магчымасці такога дыялогу. Адпаведна, іншы бок таксама павінен праявіць добразычлівасць.
З іншага боку, калі мы гаворым пра дыялог, мы павінны вельмі выразна заявіць: любы канкрэтны кантакт, дыялог не азначае змены нашай палітыкі. На дадзены момант у нас сапраўды няма прычын мяняць палітыку. Сам па сабе дыялог не з’яўляецца тым, што дэманстравала б, што мы пачынаем мяняць палітыку. Для гэтага няма ніякіх падстаў”, – сказаў ён.
Нагадаем, раней беларускае тэлебачанне зрабіла акцэнт на словах міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса, які сказаў, што хацеў бы мець добрыя адносіны з Беларуссю. Рэагуючы на гэта, прэс-сакратар беларускага МЗС Руслан Варанкоў зноў заявіў пра “поўную гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу”. Паводле яго слоў, у Мінску чакаюць камунікацыі па лініі прадстаўніка для ўзаемадзеяння з Беларуссю, які, паводле інфармацыі СМІ, прызначаны ў літоўскім знешнепалітычным ведамстве.