Расія заклікала ЗША спыніць пераслед танкера, які накіроўваўся ў Венесуэлу. Пра гэта паведамляе The New York Times са спасылкай на крыніцы.
Гаворка ідзе пра танкер Bella 1, які ў канцы мінулага года накіроўваўся з Ірана ў Венесуэлу па груз нафты. ЗША паспрабавалі перахапіць танкер, аднак першая спроба была няўдалай. Судна змяніла курс і адправілася ў Атлантычны акіян. Берагавая ахова ЗША працягнула пераслед судна. У апошнія дні года з’явіліся паведамленні, што на судне з’явіўся намаляваны расійскі сцяг. Экіпаж пры гэтым заявіў, што судна знаходзіцца пад расійскай абаронай. А неўзабаве Bella 1 з’явіўся ў афіцыйным расійскім рэестры судоў пад новай назвай «Марынера» з портам прыпіскі Сочы.
The New York Times піша, што Расія 31 снежня накіравала ЗША афіцыйны дыпламатычны запыт з патрабаваннем спыніць пераслед танкера. Запыт быў накіраваны ў Дзярждэпартамент, а таксама ў Савет нацыянальнай бяспекі Белага дома.
