Расійскі ўрад абмяркоўвае павелічэнне паставак паліва з Беларусі для насычэння ўнутранага расійскага рынку. Віцэ-прэм’ер Расіі Аляксандр Новак даручыў профільным ведамствам правесці кансультацыі з беларускім бокам наконт павелічэння паставак бензіну, паведамляе РБК са спасылкай на дзве крыніцы.
Таксама ў Расіі абмяркоўваецца магчымасць павялічыць выплаты па імпартным дэмпферы, у тым ліку на беларускае паліва. Адпаведныя змены ў Падатковы кодэкс РФ могуць быць уведзены заднім чыслом — з 1 чэрвеня, паведаміў выданню адзін з суразмоўцаў.
Міністэрствам энергетыкі і фінансаў Расіі таксама даручана прапрацаваць пытанне падаўжэння нулявой стаўкі ўвазной мытнай пошліны на бензін.
Расія сутыкнулася з праблемамі з палівам на фоне атак Украіны на расійскія НПЗ. У маі продажы бензіну з беларускіх НПЗ рэзка выраслі на таварнай біржы ў Санкт-Пецярбургу.