Фото: Pixabay.com
Паскарэнне росту беларускага ВУП у другім квартале звязана са стымулюючай палітыкай уладаў, а таксама з шэрагам спецыфічных фактараў, уключаючы геапалітыку і ўмовы надвор’я. Пра гэта гаворыцца ў экспрэс-аналізе працы беларускай эканомікі, падрыхтаваным экспертамі MacroBy.
«За паўгоддзе ВУП павялічыўся на 1,5% у гадавым выражэнні, а асобна ў чэрвені — на ≈3,5% у гадавым выражэнні. Да ўзроўню мая 2026 года сезонна згладжаны аб’ём выпуску крыху скарэктаваўся ўніз. Але дзякуючы моцнай дынаміцы ў вясновыя месяцы прырост ВУП за II квартал у цэлым стаў самым высокім за больш як год — каля 3% у гадавым выражэнні», — гаворыцца ў аглядзе.
На думку яго аўтараў, росту валавога ўнутранага прадукту спрыяла ўзмацненне спажывецкага і інвестыцыйнага попыту на фоне стымулюючай палітыкі. Таксама тэмпы падштурхнулі спецыфічныя фактары: рост цэн і попыту на беларускія ўгнаенні з-за Армузскага крызісу, нарошчванне перапрацоўкі давальніцкай нафты, уплыў умоў надвор’я і каляндарныя асаблівасці.
У ліпені—жніўні дынаміка будзе валацільнай з-за ўплыву ўборачнай кампаніі. Аднак паводле вынікаў другога квартала рост ВУП можа дасягнуць 2%, а ў цэлым за год — 1,5–2,5%.
«Шырокі дыяпазон абумоўлены высокай нявызначанасцю знешніх умоў. Уплыў дэструктыўных фактараў неэканамічнага характару на стан расійскай эканомікі становіцца ўсё больш значнай рызыкай для эканомікі Беларусі. Калі сітуацыя на рынку паліва ў Расіі не пагоршыцца, баланс попыту і прапановы на ім будзе аднаўляцца і іншых інфраструктурных ускладненняў не адбудзецца, то рост ВУП Беларусі складзецца бліжэй да верхняй мяжы прагнознага дыяпазону», — лічаць у MacroBy.
Тыя ж фактары будуць уплываць і на інфляцыю. У базавым сцэнарыі аналітыкаў прадугледжаны яе рост з 4,3% у чэрвені да 5–6% напрыканцы года.
«Істотнае аслабленне ў ліпені цэнавага кантролю можа падштурхнуць рост цэн на непрадуктовыя тавары. Аднак высокая верагоднасць таго, што гэты рост будзе ўмераным, а назіраныя ў 2023–2026 гадах нізкія тэмпы росту цэн на тавары ў параўнанні з паслугамі ў значнай ступені былі рэгіянальным феноменам, які назіраўся на фоне трансфармацыі механізмаў канкурэнцыі ва ўмовах развіцця інтэрнэт-гандлю», — гаворыцца ў аглядзе.
Яго аўтары звяртаюць увагу на высокія тэмпы росту дабаўленай вартасці ў сельскай гаспадарцы, а таксама на аднаўленне прамысловасці. У трэцім квартале аб’ём прамысловай вытворчасці можа вярнуцца да росту, пакуль жа яго аб’ёмы застаюцца ніжэйшымі за леташнія.
Аднак многае залежыць ад сітуацыі ў Расіі. Дэфіцыт паліва ўплывае на попыт, а таксама на лагістычныя ланцужкі. Пры гэтым эксперты адзначаюць, што паліўныя праблемы ў РФ не ўяўляюць пагрозы для стабільнасці беларускага рынку паліва. Айчынныя НПЗ па-ранейшаму загружаныя не на поўную магутнасць і здольныя з запасам задавальняць унутраныя патрэбы.