Ормузский пролив. Вид со спутника. Изображение: Википедия
Пасярэднікі прапанавалі ЗША і Ірану 10-дзённае спыненне агню. Пра гэта паведамляе Axios са спасылкай на крыніцы.
Прапанова паступіла ад Катара, Егіпта і Пакістана, а таксама іншых пасярэднікаў. Паводле даных выдання, адміністрацыя Трампа вывучае гэтую прапанову і заклікала Ізраіль пазбягаць крокаў, якія могуць закрыць дыпламатычнае акно. Разам з тым у Вашынгтоне адначасова рыхтуюцца да далейшай эскалацыі, накіраваўшы ў рэгіён дадатковыя знішчальнікі і самалёты-запраўшчыкі.
Паводле задумы пасярэднікаў, 10-дзённае перамір’е павінна быць выкарыстана для дасягнення больш доўгатэрміновага пагаднення, якое будзе рэгуляваць выкарыстанне Армузскага праліва. Дапускаецца, што ў выніку ў той ці іншай форме Іран зможа спаганяць умераную плату за выкарыстанне воднага шляху.
Тым часам еменскія хусіты абвясцілі, што будуць блакаваць парты Саудаўскай Аравіі. Пасля таго як хусіты абвясцілі пра блакаду, кааліцыя ў Емене на чале з Саудаўскай Аравіяй заявіла, што адкажа ім сілай, а таксама што пачала прымяняць меры абароны для сваіх суднаў, якія праходзяць праз Баб-эль-Мандэбскі праліў — ключавы экспартны маршрут для саудаўскай нафты — пасля фактычнага закрыцця Армузскага праліва.