Прэзідэнт Нікарагуа больш не збіраецца праводзіць выбары

Прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга заявіў, што ў краіне больш не будзе прэзідэнцкіх выбараў. Ён знаходзіцца ва ўладзе з 2007 года.

«Больш ніякіх выбараў тут не будзе, каб яны маглі спрабаваць захапіць уладу і ўрад», — заявіў Артэга ў прамове, прысвечанай Сандынісцкай рэвалюцыі 1979 года, у выніку якой была зрынута дыктатура Анастасіа Самосы, перадае Reuters.

Паводле слоў Артэгі, больш не паўторацца часы, калі сілы, якія падтрымліваліся ЗША і паслядоўнікамі Самосы, змогуць вярнуцца да ўлады.

Папярэднія выбары ў Нікарагуа прайшлі ў 2021 годзе. Пасля іх былі затрыманыя апаненты Артэгі і бізнесмены, якія іх падтрымалі, была разгорнутая рэпрэсіўная кампанія. У 2025 годзе Артэга змяніў Канстытуцыю, падоўжыўшы тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта да шасці гадоў, а таксама зрабіўшы сваю жонку Расарыа Мурыльё «супрэзідэнткай».

Фармальна паўнамоцтвы Артэгі заканчваюцца ў наступным годзе, аднак ён заяўляе, што выбараў не будзе. Праўда, ён не ўдакладніў, якім менавіта чынам будзе рэалізаваная яго задума.

Нікарагуа з’яўляецца партнёрам Беларусі. Айчынныя чыноўнікі не раз здзяйснялі візіты ў гэтую краіну. Наладжаныя пастаўкі беларускай тэхнікі пры падтрымцы «Банка развіцця». Аляксандр Лукашэнка выказваў захапленне Даніэлем Артэгам.

Нагадаем, Даніэль Артэга ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя ўваходзіў у Сандынісцкі фронт нацыянальнага вызвалення. Пасля перамогі Сандынісцкай рэвалюцыі ў 1979 годзе ён узначаліў хунту, якая пры падтрымцы СССР пачала будаваць у Нікарагуа сацыялізм. Калі СССР распаўся, сандыністы пайшлі на дэмакратычныя рэформы і ў 1990 годзе прайгралі выбары, а Артэга пакінуў пасаду прэзідэнта. Затым двойчы прайграваў прэзідэнцкія выбары, зноў выйграўшы іх напрыканцы 2006 года. З таго часу ён не выпускаў уладу са сваіх рук. Даніэлю Артэгу сёлета спаўняецца 81 год.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!