Фото: @dzermant
Адзін з вядучых лукашэнкаўскіх прапагандыстаў Аляксей Дзермант адказаў на папрокі расійскай Z-супольнасці ў тым, што Аляксандр Лукашэнка не дапамагае Расіі забіваць украінцаў. На думку Дзерманта, гэта не так. Ён растлумачыў, чаму дапамога беларускага рэжыму патрэбна Расіі.
“Ну не саюзнік, так не саюзнік. Хаця ваеннае саюзніцтва бывае розным. Напрыклад, удзел у абароне і стрымліванні на заходняй мяжы, прыкрыццё Калінінградскай вобласці, праца ўсяго ВПК краіны на патрэбы Расіі на фронце ва ўмовах тэхналагічнай блакады. Або ў перадачы Расіі практычна ўсяго запасу боепрыпасаў”, – напісаў Дзермант у сваім тэлеграм-канале.
Так ён адказаў на тэзіс, што “адзіны ваенны саюзнік Расіі” – Паўночная Карэя.
“Непасрэдны ўдзел ваеннаслужачых КНДР у СВА, безумоўна, заслугоўвае павагі, але трэба разумець, што гэтая краіна дзесяцігоддзямі рыхтавалася да наступальнай вайны, мае значную колькасць падрыхтаваных байцоў сіл спецыяльных аперацый, частку якіх можна было накіраваць у зону СВА без шкоды для ўласнай бяспекі. І знаходзіцца КНДР вельмі далёка ад Украіны, Польшчы і Прыбалтыкі, яна імі не акружана”, – працягнуў апраўдвацца прапагандыст.
На думку Дзерманта, Расіі нявыгадна, каб Беларусь была паўнавартасным удзельнікам канфлікту.
“Што было б, калі б Беларусь рабіла таксама – была б аголена заходняя і паўднёвая мяжа з-за перамяшчэння адтуль падрыхтаваных байцоў на СВА. Гэта дало б магчымасць узмацніць ваенны ціск на мяжу з боку Украіны і Польшчы, а таксама палітычную нагоду для ўварвання, бо Беларусь становіцца паўнавартасным удзельнікам канфлікту.
У выніку баявыя дзеянні з вялікай доляй верагоднасці ахапілі б усю тэрыторыю ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Ворагу вельмі хацелася б ваяваць з Расіяй яшчэ і ў Беларусі, а не толькі ва Украіне. Хапіла б у нас сіл ваяваць на такім працяглым фронце? Сумняваюся”, – лічыць ён.
Дзермант упэўнены, што Беларусь “выконвае для Расіі тую ролю, якая нам усім разам па сілах”.
***
Аляксей Дзермант – дырэктар Цэнтра “Паўночная Еўразія”, галоўны рэдактар часопіса “Гісторыя і сучаснасць”, член Бюро ЦК КПБ.