Прэзідэнты Літвы і Латвіі назвалі аднаўленне кантролю на мяжы паміж краінамі капітуляцыяй

Прэзідэнты Літвы Гітанас Наўседа і Эдгарс Рынкевічс назвалі аднаўленне кантролю паміж краінамі на мяжы капітуляцыяй. Раней такую магчымасць дапусціў новы кіраўнік МУС Літвы Марцінас Кацелінас.

«Насамрэч у нашых адносінах з Латвіяй мы не сутыкаемся з якімі-небудзь асаблівымі праблемамі, таму, на мой погляд, стварэнне ўнутраных межаў у Шэнгенскай зоне было б паразай, свайго роду капітуляцыяй перад гэтай з’явай.

Таму мы павінны абараняць знешнюю мяжу такім чынам, каб у людзей было як мага менш матывацыі або прычын для стварэння ўнутраных межаў. Стварэнне ўнутраных межаў — гэта свайго роду адчайнае рашэнне, і таму мы павінны зрабіць усё, каб пазбегнуць гэтага ў будучыні», — сказаў ён.

«Гэта была б катастрофа», — пракаментаваў Рынкевічс.

Тэма аднаўлення кантролю на мяжы паміж Літвой і Латвіяй звязана з ростам другаснай міграцыі з тэрыторыі Латвіі. Мігранты ў апошнія месяцы практычна не спрабуюць перасекчы польскую і літоўскую межы з боку Беларусі, затое яны актыўныя на мяжы з Латвіяй. Пры гэтым усё часцей у Літве затрымліваюць мігрантаў, якія, трапіўшы на тэрыторыю Латвіі, спрабуюць прасунуцца далей на захад.

Раней Польшча і Германія вярнулі выбарачныя і пастаянныя праверкі на мяжы. Яны рэгулярна затрымліваюць мігрантаў, якія трапілі ў ЕС праз беларуска-літоўскую мяжу.

Паводле слоў Рынкевічса, гэтая тэма абмяркоўвалася на ўзроўні міністраў унутраных спраў Літвы і Латвіі.

«У цяперашні момант асноўную ўвагу варта надаць забеспячэнню больш эфектыўнага функцыянавання існуючых мер кантролю і аховы на мяжы, каб знізіць міграцыйны ціск, і я маю на ўвазе пытанне рэадмісіі. Мы і надалей будзем надаваць гэтым пытанням першачарговую ўвагу. У будучыні, будзем спадзявацца, гэтая праблема перастане быць актуальнай», — паведаміў ён.

Трэба адзначыць, што Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы ўжо накіравала на дапамогу латвійскім калегам другую групу памежнікаў, уключаючы кінолагаў з сабакамі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!