Былым кіраўнікам Intex-Press прысудзілі велізарныя тэрміны

Брэсцкі абласны суд 26 лютага агучыў прысуд медыяменеджарам з Баранавічаў Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў. Былыя кіраўнікі баранавіцкага навіннага партала BAR24, а раней – незалежнай газеты Intex-Press прызнаны вінаватымі ў «дзяржаўнай здрадзе» паводле арт. 356 КК.

Судовы працэс, які пачаўся 3 лютага, праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці абвінавачання застаюцца невядомымі.

У выніку Уладзімір Янукевіч прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 3000 базавых велічынь (135 тысяч рублёў) на карысць дзяржавы, Андрэй Пакаленка — да 12 гадоў і штрафу ў 1000 базавых велічынь (45 тысяч рублёў). Таксама ёсць інфармацыя аб агульным спагнанні з асуджаных сумы ў памеры каля 200 000 рублёў.

Уладзіміру Янукевічу 65 гадоў, ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам найбуйнейшай незалежнай рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44-гадовы Андрэй Пакаленка займаў пасаду намесніка дырэктара па развіцці. Пасля ліквідацыі газеты яны сумесна з камандай стварылі навінавы сайт BAR24.

У снежні 2024 года супрацоўнікаў BAR24 затрымалі, правялі ператрусы ў рэдакцыі і кватэрах, канфіскавалі тэхніку. Супраць шасці затрыманых распачалі крымінальныя справы паводле артыкула 361-4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Сайт BAR24 перастаў адкрывацца з 13 студзеня 2025 года.

Чацвёра супрацоўнікаў BAR24 – Наталля Семяновіч, Мікіта Пятроўскі, Руслан Равяка і Людміла Зелянкова – былі прыгавораны да «хатняй хіміі» і ў лістападзе 2025 года ўнесены ў спіс «экстрэмістаў».

Рэдакцыя баранавіцкай газеты Intex-Press сутыкнулася з ціскам пасля выбараў 2020 года. У рэдакцыі прайшлі ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі, сайт выдання быў заблакаваны. Журналістаў выдання затрымлівалі. У 2022 годзе газету пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі. У красавіку 2023 года сайт і сацсеткі Intex-Press былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Янукевіча двойчы судзілі і штрафавалі за публікацыю інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай.

На дзяржТБ у 2025 годзе выйшаў сюжэт пра рэйды сілавікоў на рэдакцыі незалежных рэгіянальных СМІ, уключаючы BAR24. Медыярэсурсам ставілі ў віну супрацоўніцтва з нямецкім пасольствам, якое абвінавацілі ў фінансаванні “экстрэмісцкіх рэсурсаў”. На момант публікацыі матэрыялаў у рамках супрацоўніцтва з пасольствам ніводнае з указаных у відэа медыя не было ўнесена ў спіс «экстрэмістаў». У сюжэце быў паказаны допыт супрацоўніцы BAR24.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!