Узбекі, якія прыбылі ў Беларусь, ужо просяцца назад

Грамадзяне Узбекістана, якія пару дзён таму прыляцелі ў Віцебскую вобласць для працы ў сельскай гаспадарцы, незадаволеныя прапанаванымі заробкамі і ўмовамі. Некаторыя просяцца назад.

Самалёт з больш чым 200 жыхарамі Андыжанскай вобласці прыбыў у Віцебск у панядзелак, 13 ліпеня. Як заяўляла Агенцтва па міграцыі Узбекістана, узбекскія грамадзяне прыехалі ў рамках пілотнага праекта «для часовай працоўнай дзейнасці ў сферах сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі». Усе прыбылыя ўзбекі былі апранутыя ў аднолькавыя новыя спартыўныя касцюмы. У аэрапорце іх сустрэлі караваем і песнямі.

Сёння ў сацыяльных сетках з’явіліся першыя відэа, у якіх узбекі выказваюць незадаволенасць прапанаванымі заробкамі. Паводле слоў аднаго з мігрантаў, ім прапанавалі заробак у 500 долараў, пры гэтым за жыллё і харчаванне трэба плаціць самім.

«Абяцаюць заробак у 500 долараў. Калі за харчаванне і жыллё давядзецца плаціць самім, то што застанецца — 200 долараў? Навошта тады гэта трэба?» — абураецца мужчына.

Яшчэ адзін мужчына кажа, што ўсе ў шоку ад прапанаванага заробку ў 500 долараў, і заяўляе, што ва Узбекістане можна зарабіць больш.

«Калі тут заробак 500 долараў, а 200 долараў сыдзе на харчаванне, яшчэ каля 100 долараў — на мыла, парашок і іншыя бытавыя выдаткі, то застанецца ўсяго 200 долараў. Дзеля гэтых 200 долараў сядзець тут, губляць час і пакутаваць — які ў гэтым сэнс? Хіба дзеля гэтага нас адправілі з Узбекістана? Мы сюды не адпачываць прыехалі, а працаваць.

Яны кажуць: «Заробак 500 долараў, але харчаванне за свой кошт, за жыллё таксама плаціце самі». У выніку на рукі застаецца каля 200 долараў. Ва Узбекістане мы і больш за гэта можам зарабіць. Нават больш за 500 долараў можна зарабіць», — кажа ён.

Некаторыя кажуць, што хочуць вярнуцца ва Узбекістан.

На сітуацыю адрэагавала Агенцтва па міграцыі Узбекістана. Паводле слоў прэс-сакратара ведамства, прадстаўнікі агенцтва і хокіміята Андыжанскай вобласці ўжо працуюць на месцы сумесна з працадаўцамі для ўрэгулявання сітуацыі, піша daryo.uz.

Агенцтва заяўляе, што ў працоўных дамовах прадугледжаны сярэдні заробак у 900–1000 долараў, а максімальны — 1200 долараў. Калі працадаўца адмовіцца выплачваць пазначаны ў дамове заробак або парушыць іншыя ўмовы, работнікаў абяцаюць перавесці да іншага працадаўцы.

Агенцтва плануе ўрэгуляваць сітуацыю да канца дня. Мігрантаў таксама могуць уладкаваць на працу на фермы, створаныя ў Беларусі ўзбекскімі інвестарамі.

Пра намер Беларусі запрашаць мігрантаў з Узбекістана заяўляў на гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка. Ён хоча, каб узбекі прыязджалі сем’ямі і рассяляліся ў розных раёнах.

Паведамлялася, што ў Віцебскую вобласць з Андыжанскай вобласці павінны прыехаць 5 тысяч чалавек.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!