Фото: unsplash.com
Абмяркоўваецца магчымасць запуску прамых авіярэйсаў паміж Мінскам і Яраслаўлем. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміла намесніца міністра турызму Яраслаўскай вобласці РФ Марына Жуліна, піша Sputnik Беларусь.
Паводле яе слоў, у раёне існуючага яраслаўскага аэрапорта ў бліжэйшы час будзе дабудаваны новы міжнародны тэрмінал.
“Яраслаўль тут можа быць такім хабам, каб разгрузіць Маскву. Побач знаходзяцца Кастрамская вобласць, Іванаўская, Валагодская, Цвярская. Гэта значыць дастаткова вялікі паток можа быць турыстаў і ўзаемны інтарэс. У нас нядрэнныя чыгуначныя зносіны”, – заявіла прадстаўніца расійскага рэгіёна.
Зараз паміж Мінскам і Яраслаўлем курсіруе прамы цягнік — час у дарозе складае 17 гадзін. Таксама ёсць начныя аўтобусныя пераезды для турыстаў працягласцю каля 12–13 гадзін.
Жуліна таксама анансавала пашырэнне маршруту Залатога кальца да турыстычнага кластара, які цяпер ахоплівае каля 50 гарадоў, уключаючы Ніжагародскую і Цвярскую вобласці. У 2027 годзе маршруту споўніцца 60 гадоў. Чатыры з дзевяці гарадоў Залатога кальца размешчаны ў Яраслаўскай вобласці: Яраслаўль, Угліч, Растоў Вялікі і Пераслаўль-Залескі.
Прэзентацыя кластара прайшла ў Мінску, і, як лічыць Жуліна, гэта можа прыцягнуць дадатковую ўвагу, а таксама павялічыць турплынь з Беларусі. Паводле яе даных, беларусы ўжо цяпер займаюць другое месца па колькасці турыстычных паездак у Яраслаўскую вобласць — пасля саміх расіян.