Іран рыхтуецца да новай эскалацыі — WSJ

У Іране робяць стаўку на жорсткую лінію ў канфлікце са ЗША і Ізраілем. Тэгеран рыхтуецца да далейшай эскалацыі, уключаючы наземныя аперацыі на тэрыторыі некаторых краін Персідскага заліва. Мэта — максімальна павысіць кошт вайны для краін рэгіёна, а таксама для ЗША. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на іранскіх і арабскіх чыноўнікаў.

Паводле іх інфармацыі, прыхільнікі жорсткай лініі ўнутры Ірана выдаткавалі апошнія два месяцы на падрыхтоўку да больш сур’ёзнага канфлікту. У прыватнасці, гаворка ідзе пра наданне Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) большага кантролю над рэгулярнай арміяй Ірана, прызначэнне на ключавыя пасады загартаваных ветэранаў вайны з Іракам, пашырэнне ўнутраных контрвыведвальных аперацый і нарошчванне вытворчасці ракет і беспілотнікаў.

Ірану таксама ўдалося не толькі атакаваць судны ў Армузскім праліве, але і пашырыць поле бою на Чырвонае мора, задзейнічаўшы еменскіх хусітаў.

Паводле інфармацыі выдання, арабскія разведкі атрымалі доказы стратэгічнага зруху ўнутры іранскага кіраўніцтва, уключаючы перапіску прадстаўнікоў Ірана са сваімі саюзнікамі ў Іраку і Емене. Тэгеран рыхтуецца да пашырэння вайны і павелічэння выдаткаў для ЗША. Не выключаюцца таксама наземныя аперацыі на тэрыторыі Кувейта альбо аперацыі па ўнутранай дэстабілізацыі ў краінах з буйнымі шыіцкімі супольнасцямі, напрыклад, у Бахрэйне.

WSJ адзначае, што падрыхтоўка Ірана сведчыць пра велізарную прорву ва ўспрыманні Вашынгтонам і Тэгеранам гэтага этапу вайны. Гэта разыходжанне прывяло да жорсткай перагаворнай пазіцыі і нежадання заключаць здзелкі з боку іранскіх лідараў, што пастаянна бянтэжыць Трампа, які называў іх вар’ятамі і абвінавачваў у хлусні.

У матэрыяле гаворыцца, што Іран аднаўляе сваю інфраструктуру і доступ да ракетных баз значна хутчэй, чым чакалася, што выклікае занепакоенасць у ізраільскіх афіцыйных асоб, знаёмых з ходам работ. Іран таксама паспяхова наносіць удары па амерыканскіх базах і захоўвае дастатковую агнявую моц, каб пагражаць караблям і энергетычнай інфраструктуры Персідскага заліва. Арабскія ўлады рыхтуюцца да працягу баявых дзеянняў і працяглых перабояў у пастаўках энерганосьбітаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!