Фото: ОБСЕ
Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла сёння Гаагскую дэкларацыю па выніках 33-й сесіі, якая завяршаецца сёння. У дэкларацыі згадваецца Беларусь. Акрамя таго, прынята асобная рэзалюцыя па сітуацыі ў нашай краіне.
«Адзначаючы нядаўняе вызваленне некаторых палітычных зняволеных у Беларусі і прызнаючы значныя дыпламатычныя намаганні, якія спрыялі гэтым падзеям, а таксама выказваючы занепакоенасць захаваннем палітычна матываваных абвінавачанняў і затрыманняў, падкрэсліваючы неабходнасць спынення ўсіх адвольных затрыманняў і забеспячэння поўнай павагі да правоў чалавека і асноўных свабод беларускага народа, і зноў заклікаючы Беларусь да поўнага выканання рэкамендацый, выкладзеных у дакладах Маскоўскага механізму АБСЕ за апошнія гады», — гаворыцца ў 159-м пункце дэкларацыі.
Парламенцкая асамблея таксама заклікала дзяржавы — члены АБСЕ ўзмацніць эканамічны, палітычны і дыпламатычны ціск на Расію, Беларусь і іншыя дзяржавы, якія падтрымліваюць узброеную агрэсію Расіі супраць Украіны, з мэтай паглыбіць ізаляцыю дзяржавы-агрэсара і перашкаджаць абыходу санкцый, у тым ліку шляхам прымянення другасных санкцый.
Беларусь таксама заклікалі спыніць падтрымку расійскай агрэсіі і спыніць пераслед актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў і моладзі, уцягнутых у прадэмакратычную дзейнасць.
Рэзалюцыя, прысвечаная Беларусі, мае назву «Становішча ў Беларусі ў кантэксце рэгіянальнай бяспекі, транснацыянальных рэпрэсій і правоў чалавека».
У дакуменце гаворыцца, што Беларусь пры рэжыме Лукашэнкі больш не з’яўляецца фактарам стабільнасці ў рэгіёне, а ўяўляе сабой крыніцу пагроз рэгіянальнай бяспецы ў зоне АБСЕ.
Таксама канстатуецца, што Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць гібрыдныя інструменты ціску супраць дзяржаў — удзельніц АБСЕ, уключаючы прымусовую пасадку грамадзянскага самалёта Ryanair, штучна арганізаваны міграцыйны крызіс на межах з Польшчай, Літвой і Латвіяй, запуск паветраных аб’ектаў, якія парушаюць паветраную прастору дзяржаў — удзельніц АБСЕ, а таксама дзейнасць, звязаную з кібератакамі і іншымі формамі дэстабілізацыі.
Беларусь таксама ўяўляе прамую ваенную пагрозу ў рэгіёне, адмовіўшыся ад бяз’ядзернага статусу і размясціўшы на сваёй тэрыторыі расійскія войскі. Акрамя таго, адзначаецца ўцягнутасць Беларусі ў падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны.
У рэзалюцыі згадваюцца транснацыянальныя рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў, уключаючы пераслед, запалохванне і ціск на беларусаў за мяжой, а таксама злоўжыванне міжнароднымі механізмамі.
«Наватарскія падыходы рэжыму Лукашэнкі да транснацыянальных рэпрэсій служаць магутнай мадэллю для пераймання Расійскай Федэрацыяй і іншымі аўтарытарнымі дзяржавамі ў іх спробах прымусіць замаўчаць апанентаў за мяжой», — гаворыцца ў дакуменце.
У ім адзначаецца, што «ўстойлівае вырашэнне крызісу ў Беларусі магчыма толькі шляхам спынення рэпрэсій, правядзення свабодных і справядлівых выбараў і забеспячэння адказнасці за парушэнні міжнароднага права».
ПА АБСЕ вітала дзейнасць беларускіх дэмсіл, уключаючы Каардынацыйную раду, Аб’яднаны пераходны кабінет і Офіс Ціханоўскай.
Канстатавана, што санкцыі застаюцца неабходным інструментам міжнароднага ціску і павінны падтрымлівацца і, пры неабходнасці, узмацняцца да таго часу, пакуль не будуць дасягнуты рэальныя і правяральныя змены, уключаючы спыненне рэпрэсій і ўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны.
ПА АБСЕ вітала пачатак расследавання МКС у дачыненні да Лукашэнкі.
Парламенцкая асамблея на гэтым фоне асуджае выкарыстанне тэрыторыі Беларусі ў якасці платформы для гібрыдных пагроз у дачыненні да дзяржаў — удзельніц АБСЕ. Яна заклікае да неадкладнага спынення выкарыстання рэжымам Лукашэнкі міграцыі ў якасці інструмента палітычнага ціску, асуджае дзеянні, якія парушаюць бяспеку межаў і паветранай прасторы дзяржаў — удзельніц АБСЕ, уключаючы запуск паветраных аб’ектаў і іншыя формы гібрыднага ўмяшання.
ПА АБСЕ заклікае краіны арганізацыі падтрымліваць і, пры неабходнасці, узмацняць санкцыі.
У рэзалюцыі падкрэслена «неабходнасць поўнага і безумоўнага вызвалення ўсіх затрыманых без іх прымусовай дэпартацыі за мяжу і без выкарыстання гэтага працэсу ў якасці інструмента палітычнага ціску або торгу».
Краіны АБСЕ заклікаюць узмацніць меры супраць транснацыянальных рэпрэсій, уключаючы прадухіленне злоўжывання міжнароднымі механізмамі, і забяспечыць належную абарону беларусаў за мяжой.
ПА АБСЕ таксама заклікала распрацаваць канкрэтныя прававыя і адміністрацыйныя рашэнні для беларусаў у выгнанні, уключаючы доступ да дакументаў, прававога статусу і асноўных правоў.
Краіны АБСЕ таксама заклікалі падтрымаць расследаванне МКС у дачыненні да Лукашэнкі.
Парламенцкая асамблея выказалася за пашырэнне супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі, уключаючы іх далейшы ўдзел у працы ПА АБСЕ.
«Упершыню за доўгі час Беларусь фігуруе ў асноўным выніковым дакуменце — рэзалюцыі. Ёсць цэлы абзац, прысвечаны Беларусі, у якім гаворыцца пра найбольш вострую праблему — палітычных вязняў. Вітаецца, што людзі вызваляюцца, але разам з тым з’яўляюцца новыя ахвяры беларускага рэжыму», — пракаментаваў дарадца Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.