Фото: gov.kz
Казахстан абмежаваў уезд і выезд аўтамабіляў на сваю тэрыторыю да аднаго разу на суткі. Гэта зроблена для прадухілення вывазу паліва з краіны, заявіў на брыфінгу 7 ліпеня віцэ-міністр энергетыкі Казахстана Кайырхан Туткышбаеў.
«Уведзены адпаведныя меры. Мы забаранілі больш за адзін раз [на суткі — заўв. Reform.news] заязджаць грузавому і легкавому транспарту. Гэта датычыцца ўсіх краін, якія мяжуюць з Казахстанам. Гэтыя меры дазваляюць нам захаваць баланс ГЗМ, які мы сфарміравалі», — заявіў Туткышбаеў.
Туткышбаеў адзначыў, што спажыванне паліва ў Казахстане рэзка вырасла ў прыгранічных з Расіяй раёнах, але ў цэлым дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку цяпер не назіраецца.
Паводле слоў віцэ-міністра, праваахоўныя органы Казахстана пачалі змагацца з незаконным вывазам паліва з Казахстана.
Меры прыняты на фоне дэфіцыту паліва ў Расіі з-за ўдараў Украіны па расійскіх НПЗ.