Фото: Facebook Павла Палисы
Намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны брыгадны генерал Павел Паліса ў інтэрв’ю РБК-Украіна ацаніў верагоднасць нападу РФ на краіны НАТА, для якога можа быць задзейнічана тэрыторыя Беларусі.
“У Беларусі ўжо разгорнуты комплексы “Арэшнік”, а ў Расіі – інфраструктура, якая дасць магчымасць праводзіць масіраваныя комплексныя авіяцыйна-дронныя ўдары па цэлях на Захадзе. Аднак рэальнасць нападу на краіны Балтыі будзе залежаць ад наяўнага ў расіян рэсурсу, адзінства Захаду і поспеху Украіны на полі бою”, – сказаў ён у адказ на пытанне, ці рыхтуе Расія напад на краіны НАТА.
Ён таксама распавёў пра інфармацыю, якой валодаюць Украіна і партнёры па НАТА.
“Давайце гаварыць фактамі. Ці ёсць звесткі ў нашых заходніх партнёраў, атрыманыя іх разведкай, пра планы магчымога канфлікту з заходнімі краінамі? Так, ёсць.
Ці разгортвала Расія комплексы наступальнага ўзбраення бліжэй да сваіх заходніх межаў? У Беларусі ёсць падраздзяленне, на ўзбраенні якога стаіць балістычная ракета сярэдняй далёкасці “Арэшнік”. Гэта факт і гэта інфармацыя ў партнёраў таксама ёсць.
Ці разгортвае Расія інфраструктуру, якая дасць магчымасць праводзіць масіраваныя комплексныя авіяцыйна-дронныя ўдары па цэлях на Захадзе? У нас ёсць звесткі пра разгортванне спецыяльных рэтранслятараў, якія даюць магчымасць кіраваць шахедамі ў рэжыме рэальнага часу. Ці рыхтавала Расія інфраструктуру для запуску беспілотнікаў на тэрыторыі Беларусі? Так, гэта інфармацыя таксама ёсць.
Магу яшчэ дадаць пра леташнія шматнацыянальныя вучэнні стратэгічнага ўзроўню, якія праводзіла Расія, дзе асноўнай легендай быў канфлікт двух блокаў, дзе трэніравалі сістэму кіравання з абазначэннем практычных дзеянняў на мясцовасці.
Вядома, гэта можна лічыць як элемент запалохвання і прапаганды. Аднак у такіх выпадках, падчас падобных вучэнняў заўсёды адпрацоўваюцца тыя элементы, якія ў першую чаргу неабходныя для рэальных дзеянняў на месцы”, – сказаў Паліса.
На яго думку, РФ наўрад ці адважыцца на ваенныя крокі пры ўмове адзінства заходніх партнёраў і іх гатоўнасці выконваць узятыя на сябе калектыўныя абавязацельствы. Аднак на гэта ўплывае вельмі шмат фактараў, перш за ўсё палітычная сітуацыя ў глабальным свеце.