Фрагмент з запісу выступу "Ковельскіх псоў" на К6.
YouTube-праект K6 Live, які фіксуе антрапалогію беларускай музыкі ў эміграцыі, прадставіў новы эпізод. Гэтым разам героямі камернага фармату стаў гурт «Ковельскія псы» — адзін з самых самабытных і бескампрамісных калектываў сучаснага беларускага андэграўнду.
Гэты выпуск стаў своеасаблівым рэкордам для праекта: ён не толькі самы працяглы ў гісторыі K6 Live, але і найбольш складаны візуальна. Акрамя традыцыйнага жывога выступу ў студыі LÖS (Варшава), аўтары выкарысталі мастацкія здымкі, якія ствараюць асаблівую атмасферу вакол гурта.
Праект застаецца верным свайму прынцыпу — паказваць артыстаў у натуральным асяроддзі і з максімальнай шчырасцю.
Інтэрв’ю з музыкамі правялі Albert Kinherli і адзін з аўтараў праекта Антон Шніп. Размова ішла не толькі пра творчасць, але і пра досвед выжывання і існавання музычнай супольнасці па-за межамі Беларусі.
«Ковельскія псы» — электронны андэграўнд-праект, які нарадзіўся на скрыжаванні постсавецкай іроніі і клубнай агрэсіі, дзе брудны гук, правакацыйныя тэксты і DIY-эстэтыка становяцца галоўнай мовай выказвання. За маскай грубага і часта саркастычнага выказвання хаваецца паслядоўная гісторыя пра ізаляцыю, унутраны разлад і жыццё на ўскрайку — ад ранніх рэйв-рэфлексій да больш змрочнага і канцэптуальнага матэрыялу апошніх рэлізаў.
Глядзець эпізод можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram