«Тутака» як спадчына і сучаснасць: тры дні на фестывалі ў падляшскім лесе

«Ну што, у наступным годзе сустракаемся на «Тутацы»?», – пытаецца сябра перад развітаннем. «Вядома», – адказваю я. Па дарозе на аўтобус каля нас спыняецца аўто, у якім яшчэ адзін «тутакавец» прапануе падвезці да Беластока. «Бачу, што ідзяце з фестывалю. Чаму ж не дапамагчы?».

Тры дні ва ўрочышчы Барык на польска-беларускай мяжы віраваў фестываль беларускай культуры «Тутака». Калі казаць пра вольную, творчую і спрыяльную прастору для беларусаў, то яна па-ранейшаму там.

Сёлета падзею наведала каля тысячы чалавек, і гэта значна менш за мінулыя гады. У пэўным сэнсе можна казаць пра перазагрузку форуму, які захоўваючы фармат музычнага фэсту, намагаецца адлюстраваць усё, што адбываецца ў беларускай незалежнай культуры.

Фестываль Tutaka. Фота: Аляксандр Валодзін

Фэст сустрэч

Усе абмяркоўвалі галоўнае новаўвядзенне арганізатараў – фундацыі «Тутака» – уваходныя квіткі. Але пачнём мы не з коштаў на ўваход, а з таго, чым ёсць «Тутака» ў першую чаргу – фэстам сустрэч.

У чарговы раз туды прыязджаючы, немагчыма не зачаравацца Падляшшам, прыродай «як у Беларусі» і адчуваннем «амаль вяртання».

«Я ўжо прызвычаіўся да пейзажаў Чарнагорыі, дзе зараз жыву, але тут прыехаў – і як у Беларусь, – дзеліцца ўражаннямі знаёмы мастак. – Я ажно расхваляваўся».

Фестываль Tutaka. Фота: Аляксандр Валодзін.

«Ну што, пойдзем пакупаемся, Беларусь у дзясятках кіламетраў», – жартуе іншы наведвальнік.

Сасновы лес, прыгажэнныя краявіды ствараюць асаблівы настрой, які ўзмацняецца шматлікімі сустрэчамі – арганізаванымі і маімі ўлюбёнымі – спантаннымі.

Фестываль Tutaka. Фота: reform.news

Пайсці купацца і па дарозе сустрэць Паўла Севярынца, які ідзе са службы з тутэйшага праваслаўнага храма. «Тры святары – і ўсё размаўляюць па-беларуску. Увесь прыход размаўляе», – не хавае захаплення палітык.

Павел Севярынец. Фота: Аляксандр Валодзін

Прыйсці на паказ фільма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», натхнёнага гісторыяй Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай, і на дыскусіі пасля кіно пазнаёміцца з адвакатам журналісткі «Белсата», які ўпершыню прыехаў на фэст з… Нямеччыны, дзе ён зараз жыве.

Плаваючы ў возеры пад дажджом, разгаварыцца з выпадковымі хлопцамі, адзін з якіх акажацца братам спевака Вінсента.

Сустрэцца ў кемпінгу з кінарэжысёрам Аляксеем Палуянам, які прыязджае на «Тутаку» з Нямеччыны каторы год запар. «Гэты фэст – маё месца сілы», – усміхаецца кінематаграфіст і прызнаецца, што шукае месцы для здымак сваёй ігравой карціны «Спадчына» пра 2020 год, у тым ліку і ў Польшчы.

«Гэта традыцыя ідзе яшчэ з «Басовішча», – распавядае «старажыл» слыннага музычнага фэсту-папярэдніка. – Людзі прыязджалі, разбівалі намёты ў лагеры, запальвалі вогнішча, маглі нават не даходзіць да сцэны, бо сустракалі адных знаёмых, потым іншых, а потым яшчэ і яшчэ».

Заўзятары глядзяць фінал чэмпіянату свету па футболе на фестывалі Tutaka. Фота: reform.news

Фестываль Tutaka. Фота: Аляксандр Валодзін

На папярэднюю гісторыю месца ўжо наклалася гісторыя 2020 года, калі можна разгаварыцца з выпадковым «тутакаўцам» ці «тутакаўцай» пра лёс выгнанцаў. Гэта кантакт паміж людзьмі, якія разумеюць адно аднаго шмат у чым. Памятаю неверагодны аповед Пашы з Пінска пра супрацьстаянне ў 2020 годзе пінчукоў і міліцыі, гісторыю Ганны, якая пачала ездзіць на Падляшша, калі ёй стала зусім цяжка ў эміграцыі, – іх забыць немагчыма.

Фестываль Tutaka. Фота: Аляксандр Валодзін

На «Тутацы» трэба пажыць, запаволіцца, пайсці ў людзі. Патанчыць польку пад дап-стэп з падляшскімі на вечаровай дыскатэцы. «Тутака» на адну падзею, і на тры дні і ночы – гэта розныя рытмы і вайб.

Павел Станкевіч. Фота: Аляксандр Валодзін

Канкурэнцыя з цэлым светам

Кіраўнік фундацыі «Тутака» Павел Станкевіч прызнаваўся, што для яго складанне музычнай праграмы – той яшчэ квэст. Кожны год арганізатары напярэдадні фэсту ладзяць галасаванне, па выніках якога гурт-пераможца атрымоўвае сцэну «Тутакі». А людзі заўжды галасуюць за тых, каго ведаюць, наракаў спадар Павел.

Chornabrova на фестывалі Tutaka. Фота: Аляксандр Валодзін.

Сёння, акрамя вышэйназваных квіткоў, акурат музычны складнік фэсту абмяркоўваўся найбольш. Маўляў, калі б былі тыя самыя хэдлайнеры, я б тады прыехаў/прыехала. А так – не тыя і не ў той час. І задорага. Але, як бачна па лайн-апу, каманда «Тутакі» адмыслова прапаноўвала публіцы паслухаць не толькі вядомых рокераў. Тут былі жанчыны-выканаўцы новай хвалі – Анастасія Рыдлеўская і Chornabrova, гарадоцкія рок-героі RIMA, свежыя BIZZARE OBJECTS, культавыя «Разбітае сэрца пацана», VINSENT з камбэкам…

Фестываль Tutaka. Фота: Аляксандр Валодзін

Сёлета галоўная сцэна змяніла сваю лакацыю – таксама новаўвядзенне, якое крыху збянтэжыла. Не хапала, на мой асабісты густ, малой сцэны, дзе маглі б выступаць маладыя гурты.

Выступае гурт Dzieciuki. Фота: Аляксандр Валодзін

Прыкметна, што акурат у суботу ў Варшаве давалі канцэрт Sistem of a Down – і частка людзей з фэсту з’ехала на сусветна вядомы калектыў. Але мне давялося сустрэць і тых, хто вярнуўся пасля гэгу армяна-амерыканскага гурта зноў на Падляшша, каб пабыць да канца на «Тутацы».

Выступ “Разбітага сэрца пацана”. Фота: reform.news

У нядзелю нежартоўную бойку за ўвагу гледачоў прыйшлося весці музыкам Biaz Nazvy і РСП – іх выступленне супадала па часе з фіналам Чэмпіяната свету па футболе. Але на вольнай прасторы, якой з’яўляецца «Тутака», кожны мог выбіраць: ці слэміць пад «Розавы закат» ці глядзець футбол – адмысловая трансляцыя была зладжана.

Відавочна, што беларусы ў актуальным стане эміграцыі існуюць у кантэксце польскіх і нават сусветных прапаноў. А калі ўлічыць, што і поле летніх беларускіх фэстаў у Польшчы дае выбар: скажам, не паспяваеш на «Летуцень», можна трапіць на «Грай», то і «Тутацы» прыходзіцца канкураваць з іншымі івэнтамі ўжо больш жорстка, чым гэта было тыя ж пяць гадоў таму. Здаецца, гэтыя змены фэст адчувае – шукаючы баланс у праграме і запрашаючы да ўдзелу розныя беларускія ініцыятывы.

Фестываль Tutaka. Фота: Аляксандр Валодзін

Дык куды мы ідзём?

Сёлета на фэсце былі дыскусіі на самыя розныя тэмы: як дарослым падтрымліваць квір-падлеткаў і тлумачыць дзецям пра розныя сем’і, ці ёсць у беларусаў свая царква, размовы пра выдавецкую справу, пра магчымыя сцэнары мірнага пераходу ўлады, пра лідараў, якія маглі б аб’яднаць беларусаў.

Аншлаг быў на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, падчас якой людзі пыталі і пра вызваленне палітвязняў, атрыманне міжнароднай абароны, і пра любімыя стравы і напоі. Да слова, адказваючы на пытанне пра найлепшы халаднік, Святлана Ціханоўская адзначыла, што самы смачны — гэта заўсёды той, што прыгатаваны з любоўю родным чалавекам. Дзелячыся асабістым, яна дадала, што для яе такім узорам застаецца халаднік свякрові.

Святлана Ціханоўская на фестывалі Tutaka. Фота: Аляксандр Валодзін

Сапраўднымі зоркамі на «Тутацы» былі Павел Севярынец і Максім Знак. Падчас сустрэчы з аўтарам «Зэкамерону» нехта сумна пажартаваў, што зараз на Знака завітала больш людзей, чым апошнім часам збіраецца на акцыях у Варшаве.

Максім Знак. Фота: Аляксандр Валодзін

«Тутака» дае магчымасць пазначыць і прагаварыць праблемы і засцярогі, якія турбуюць беларускую супольнасць ужо на шостым годзе выгнання. Было адчувальна, што ў людзей ёсць пэўная стомленасць ад доўгай дарогі да жаданага вольнага дому, але пры гэтым каштоўнасці па-ранейшаму застаюцца тымі ж. Беларусы вельмі цёпла віталі Святлану Ціханоўскую, выказваючы ёй падтрымку.

Акцыя Андрэя Духоўнікава. Фота: reform.news
“Чорны квадрат” “Тутакі”. Фота: Аляксандр Валодзін

Знайшлося месца на фэсце і мастацкай акцыі. Віцебскі мастак Андрэй Духоўнікаў прапанаваў беларусам напісаць на белым палатне тры запаветныя словы, што «зараз на душы». І людзі пісалі самае рознае: надзея, вольнасць, творчасць, радасць, любоў, сям’я, радзіма, Маладзечна, Берлін, Баранавічы, даеш «Тутаку» ў Мядзелі. Адзін хлопчык напісаў: «Кот, мама, Беларусь».

Але напрыканцы акцыі мастак зафарбаваў чорнай фарбай гэтыя светлыя словы, маючы на ўвазе, што пад гэтым пластом – людскія мары і памкненні застаюцца. Белае палатно пераўтварылася ў «чорны квадрат», з-пад якога ледзь віднеліся крылы анёла.

Фестываль Tutaka. Фота: Аляксандр Валодзін

І нарэшце, эканоміка фэсту

Калі бачыць гэту карціну цалкам, то адпаведна так можна сфармуляваць пытанні, датычныя эканомікі форуму.

Ці зашмат заплаціць прыкладна 100 еўра за тры-чатыры дні на «Тутацы»? (У гэтую суму ўваходзіць білет на фестываль, і месца ў кемпінгу плюс арэнда намёта). Ці варта ўсё ж уводзіць квіткі на адзін дзень? (Сёлета ўваходны квіток для дарослага каштаваў 150 злотых (прыкладна 35 еўра).

За што людзі гатовы заплаціць грошы? Як захаваць гэту аўдыторыю?

Скардзіліся на вялікія кошты на арэнду месца і рамеснікі, і выдаўцы, з якіх на фэсце прысутнічаў толькі Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Як прызнаўся адзін з рамеснікаў, яму ўдалося прадаць пяць футболак, што відавочна не пакрыла расходаў.

Місіяй «Тутакі» Павел Станкевіч лічыць захаванне і папулярызацыю беларушчыны, бо толькі так можна захаваць беларускую культуру, якая зараз прыціскаецца ў краіне. Для мяне «Тутака» каштоўная менавіта тым, што яе робіць падляшскія беларусы – у гэтым ёсць і гісторыя, і культура, і сучаснасць. Робяць яе як пляцоўку для сустрэчы беларусаў.

Дзіцячая пляцоўка на “Тутацы”. Фота: Аляксандр Валодзін

Але «Тутацы» давядзецца пазмагацца за свайго наведвальніка ў актуальным свеце разнастайных прапаноў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!