Польская пракуратура пачала расследаванне пасля нападу на беларуса на глебе нацыянальнай нянавісці

Раённая пракуратура ў Гайнаўцы (Падляскае ваяводства Польшчы) пачала расследаванне справы па факце нападу на беларуса на глебе нацыянальнай нянавісці, паведамляе Radio Białystok.

Пацярпелы беларус працуе ў таксі. Ноччу да яго падсеў пасажыр. Пры разліку за паездку ён пачуў усходні акцэнт кіроўцы і пачаў яму пагражаць і штурхаць. Кіроўца папярэдзіў, што ўсё, што адбываецца, запісваецца на відэа, але пасажыр працягнуў абражаць і пагражаць беларусу.

Запіс здарэння апублікаваў Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў. Цэнтр папрасіў дапамагчы ўстанавіць асобу агрэсара і падаў заяву ў пракуратуру ў Гайнаўцы. Пазней яшчэ адна заява паступіла ад пацярпелага кіроўцы.

Прадстаўнік пракуратуры распавёў выданню, што ў следчых ёсць усе неабходныя матэрыялы для расследавання. У бліжэйшы час плануецца апытаць пацярпелага. Асоба нападніка ўстанаўліваецца.

Справа расследуецца па факце публічнага нападу на глебе нацыянальнай нянавісці. За гэтае злачынства прадугледжана да 5 гадоў пазбаўлення волі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!