Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ў цяперашні час пытанне транзіту беларускіх угнаенняў праз тэрыторыю краіны не разглядаецца. Пра гэта ён паведаміў у чацвер, каментуючы сітуацыю з налётамі метэазондаў з Беларусі, піша LRT.
Ён таксама адзначыў, што апошні выпадак залёту паветраных шароў быў жорстка ацэнены амерыканскімі партнёрамі Літвы.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, абмеркаванне транзіту немагчымае да таго часу, пакуль з беларускага боку працягваюцца падобныя інцыдэнты.
«Такія размовы будуць цалкам беспадстаўныя, пакуль хаця б адзін шар з беларускага боку будзе ляцець у Літву. Мы будзем цалкам заблакаваныя ў гэтым пытанні, ніхто ў свеце не зменіць нашага меркавання», — заявіў літоўскі лідар.
Ён падкрэсліў, што Літва мае справу са складаным суседам і першапачаткова не мела ілюзій, што падобныя інцыдэнты знікнуць назаўсёды.
«Наколькі мне вядома, некаторы час таму беларусы далі абяцанне нашым амерыканскім саюзнікам (…), што вырашаць пытанне з паветранымі шарамі. Наколькі мне вядома, прадстаўнікі ЗША вельмі аператыўна адрэагавалі на апошні інцыдэнт, дастаткова жорсткай рыторыкай, заявіўшы, што гэта цалкам недапушчальна», — сказаў прэзідэнт.
Нагадаем, у ноч з аўторка на сераду быў зафіксаваны самы масавы налёт метэазондаў у Літву з пачатку гэтага года — з Беларусі заляцелі 42 паветраныя шары. З-за гэтага прыпынялася праца аэрапорта ў Вільні. Да раніцы былі знойдзеныя восем метэазондаў.
Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва перадасць інфармацыю ЗША для пошуку сумесных рашэнняў.
Раней прэм’ер-міністр Літвы заяўляла, што праблему з паветранымі шарамі з Беларусі ўдалося вырашыць пры дапамозе ЗША.
У Літве не выключылі магчымасць абмежаваць перасячэнне мяжы пры паўторных інцыдэнтах з метэазондамі.
