Міністэрства адукацыі пастановай №32 ад 12 лютага ўстанавіла тэрміны правядзення ўступнай кампаніі ў ВНУ. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Па большасці спецыяльнасцяў прыём дакументаў ад паступаючых пачнецца 12 ліпеня. Некаторыя катэгорыі абітурыентаў будуць падаваць іх раней. Напрыклад, пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд, якія маюць права на паступленне без выпрабаванняў, — з 27 чэрвеня па 1 ліпеня. Дакументы на завочнае навучанне па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях будуць прымацца з 15 лістапада па 5 снежня.
Уступныя выпрабаванні пройдуць:
- ва ўніверсітэце МНС — з 18 па 20 ліпеня,
- на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы — 20–21 ліпеня,
- на дзённую форму атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — 20–25 ліпеня,
- на завочную форму атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — 6–15 снежня,
- у іншых выпадках — 18–25 ліпеня.
Таксама ўстаноўлены тэрміны залічэння абітурыентаў. Пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд і іншыя асобы, якія паступаюць без выпрабаванняў, будуць залічаны да 2 ліпеня, паступіўшыя ў Ваенную акадэмію, ВНУ памежнай службы і МНС, ваенныя факультэты — па 22 ліпеня, у ВНУ МУС — па 29 ліпеня, на завочнае навучанне па аграрных спецыяльнасцях — па 20 снежня, а ва ўсіх астатніх выпадках — па 27 ліпеня.
Платнікаў павінны залічыць па 3 жніўня.
Таксама ўстаноўлены тэрміны падачы дакументаў і залічэння пры дадатковым наборы ў ВНУ.
