20 лютага ў Палацы Рэспублікі ў Мінску праходзіць урачысты сход, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл. Сярод гасцей мерапрыемства быў і аташэ па пытаннях абароны пры пасольстве ЗША ў Беларусі падпалкоўнік Дэніэль Бенсан. Мінабароны Беларусі надало гэтаму факту асаблівае значэнне і назвала «майстар-класам транспарэнтнасці» міністра абароны Віктара Хрэніна.
Прэс-служба Мінабароны нагадала, што першая сустрэча Хрэніна і Бенсана адбылася падчас беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025», і падкрэсліла, што сёння амерыканскі аташэ размаўляў з Хрэніным па-руску.
«Час цяпер няпросты. Рады, што прыйшлі падзяліць з намі свята, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл», — сказаў Бенсану Хрэнін.
Мінабароны таксама намякнула на дыялог.
«У беларускім абаронным ведамстве ведаюць: дыялог магчымы толькі калі намаганні прыкладаюць абодва бакі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
