Пракуратура знайшла несанкцыянаваны дзіцячы летнік у Вілейскім раёне

Пракуратура Вілейскага раёна выявіла несанкцыянаваны дзіцячы летнік, дзе пад наглядам трох выхавальнікаў-трэнераў па каратэ знаходзілася больш за 30 дзяцей.

Летнік размяшчаўся ў адной з аграсядзіб і не быў уключаны ў пералік выхаваўча-аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў. У ім жыло больш за 30 дзяцей ад 7 да 17 гадоў, а выхавальнікі-трэнеры «пазіцыянавалі сваю дзейнасць як выкладанне спартыўных трэніровак па каратэ».

Пракуратура пералічыла парушэнні, якія дапусцілі арганізатары лагера: адсутнасць медработніка і заключанай дамовы на медабслугоўванне, трэнер і кухар без даведак аб праходжанні гігіенічнага навучання і медыцынскіх аглядаў.

«Некалькі дзяцей жылі на другім паверсе лазні, астатнія — у доміках, дзе працяглы час не праводзілася ўборка, паўсюль валяліся раскіданыя адзенне і прадметы гігіены. У жылых памяшканнях вогнетушыцелі знаходзіліся ў няспраўным стане, халадзільнікі падключаліся праз падаўжальнікі з парушэннем правілаў электрабяспекі», — паведамляе пракуратура.

Пракуратура таксама знайшла парушэнні на дзіцячых пляцоўках каля жылых дамоў і накіравала прадпісанні ў райвыканкам з патрабаваннем спыніць працу лагера і адрамантаваць пляцоўкі. Прадпісанні былі выкананыя. Дзве службовыя асобы прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!