Міжнародны алімпійскі камітэт часова зняў адхіленне з Алімпійскага камітэта Расіі (АКР) і рэкамендаваў зняць абмежаванні з расійскіх спартсменаў. Рашэнне прынята Выканаўчым камітэтам МАК 7 ліпеня.
«У сувязі з пачаткам кваліфікацыйнага перыяду як для Алімпійскіх гульняў у Лос-Анджэлесе 2028 года, так і для Зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульняў „Даламіці-Вальтэліна 2028“, а таксама з неабходнасцю забяспечыць роўны доступ да гэтых спаборніцтваў для ўсіх спартсменаў, Выканаўчы камітэт МАК пастанавіў, што рэкамендаваныя ім 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый (МФ) і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў у дачыненні да расійскіх спартсменаў і каманд, уключаючы ахоўныя меры, больш не прымяняюцца», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МАК.
Для ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах расійскія спартсмены павінны прайсці антыдопінгавыя праверкі.
МАК надае міжнародным спартыўным федэрацыям права самастойна вырашаць, ці праводзіць спартыўныя мерапрыемствы ў Расіі, ці запрашаць расійскіх службовых асоб на спаборніцтвы, ці выкарыстоўваць расійскія сцяг і гімн.
Пры гэтым МАК не будзе арганізоўваць мерапрыемствы МАК у Расіі і не будзе запрашаць расійскіх урадавых або дзяржаўных службовых асоб на свае мерапрыемствы. Рашэнне наконт расійскага сцяга і сімволікі на Алімпійскіх гульнях будзе прынята МАК «у належны час».
МАК падкрэслівае, што па-ранейшаму рашуча асуджае ўварванне Расіі ва Украіну, як і войны ўвогуле, і «па-ранейшаму прыхільны справе ўмацавання міру паміж людзьмі і народамі праз спорт».
«МАК прызнае, што ўдзел спартсмена ў міжнародных спаборніцтвах не павінен абмяжоўвацца ў сувязі з уцягваннем яго ўрада ў вайну або канфлікт», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Нагадаем, у траўні 2026 года МАК рэкамендаваў зняць усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў.