Аляксандр Лукашэнка падчас кадравых прызначэнняў паабяцаў, што звернецца ў «нябесную канцылярыю», каб падчас уборкі ўраджаю было сухое надвор’е.
«Буду прасіць нябесную канцылярыю, каб дала сухое надвор’е. Бо мы ўжо ўцягнуліся ва ўборку. Ячмень мы пачалі ўбіраць, і нібыта нядрэнны азімы ячмень. Тое, за што мы змагаліся, — атрымалі добры вынік», — сказаў ён.
Паводле даных МСГХП на 8 ліпеня, у краіне азімы ячмень убраны на 28% плошчаў, намалочана 294 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 42 ц/га.
«Асаблівасць у тым, што трэба, каб камбайны і зернятокі былі ў парадку. Вы ж бачыце, што дажджы ідуць. Дай бог, каб спыніліся. Але заўтра-паслязаўтра цыклон нас яшчэ прыстойна патрасе, які рухаецца да нас з паўночнага захаду. Гэта я па здымках з космасу паглядзеў. Таму нам трэба гэта перажыць», — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка за час сваёй кар’еры не ўпершыню гаворыць пра асаблівыя адносіны з «нябеснай канцылярыяй» наконт ападкаў. Нядаўна на фестывалі нацыянальных культур у Гродне, выступаючы перад жыхарамі горада пад праліўным дажджом, ён сказаў, што прывёз яго ў якасці падарунка.