Лукашэнка збіраецца сустрэцца з Мішусціным і Пуціным

Аляксандр Лукашэнка у найбліжэйшы час збіраецца сустрэцца з кіраўніком урада РФ Міхаілам Мішусціным і прэзідэнтам суседняй краіны Уладзімірам Пуціным. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам расійскага ўрада Дзянісам Мантуравым.

“З прэм’ер-міністрам Расіі мы сустрэнемся ў найбліжэйшы час і з прэзідэнтам Расіі таксама сустрэнемся і абмяркуем тыя пытанні, якія мы не зможам узгадніць”, – сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

Ён уручыў Дзянісу Мантураву ордэн Дружбы народаў. Указ аб узнагароджанні Мішусціна і Мантурава гэтым ордэнам Лукашэнка падпісаў учора. Сёння, уручаючы ўзнагароду, ён падкрэсліў, што ў ёй “ёсць палітычны складнік і нейкі аванс“. На яго думку, Мантураў цяпер “нікуды не дзенецца” і будзе рухаць саюзны парадак дня ў патрэбным кірунку.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што лічыць за гонар супрацоўніцтва з РФ, і запэўніў Мантурава ў сваёй вернасці.

“Мы, у адрозненне ад усіх іншых краін (якія, натуральна, сябры Расіі, але не хочуць публічна нешта там агучваць), не адхрышчваемся ні ад адных зручных, нязручных пытанняў. Мы наўпрост гаворым, што лічым за гонар супрацоўнічаць з Расіяй, і будзем супрацоўнічаць. У гэтым можаце не сумнявацца. Справа не ў тым, што сітуацыя нас да гэтага падштурхоўвае. А справа ў тым, што мы гэты курс вызначылі даўно, некалькі дзясяткаў гадоў таму – і свята яго прытрымліваемся

Таму ў гэтым плане вы не перажывайце за тое, што вы падтрымліваеце вось гэтую, як вы цяпер сказалі, гэта новы кірунак эканамічную палітыку, не толькі прамысловую, хоць прамысловасць гэта аснова любой эканомікі і ў вас, і ў нас. Мы экспартна арыентаваная краіна, у вас і экспарт, і ўсяго хапае, і ўнутранае развіццё велізарнае. Таму давайце ў гэтым кірунку рухацца”, – сказаў ён.

На сустрэчы прысутнічалі таксама прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын і кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты. Былі закранутыя некаторыя сумесныя праекты, у прыватнасці, стварэнне самалёта “Асвей”, на якое спатрэбілася дадатковае фінансаванне.

“Удзячны за тое, што вы, паглядзеўшы некаторыя нашы прадпрыемствы, па двух кірунках спрацавалі ў плане падтрымкі Беларусі. Па аўтамабілях і асабліва за самалёт. Ёсць там нейкія непаразуменні. Але, я думаю, мы цяпер абмяркуем іх для таго, каб усё ж такі “Асвей” быў.

Ён патрэбны на нашым агульным рынку. Натуральна, для Расіі гэта добры будзе самалёт. Ну а для нас – набыццё новых кампетэнцый. Вы бачылі, што мы займаемся рамонтам многіх самалётаў. Сёе-тое ўжо ўмеем рабіць. Не на голым месцы. Таму з дапамогай расіян мы маглі б асвоіць новы кірунак у прамысловасці

Ну, натуральна, за тую прамысловую палітыку, якую Дзмітрый Мікалаевіч, будучы паслом, прасоўваў увесь час, каб беларусы, расіяне неяк разам працавалі. Ды і час сёння нас да гэтага падштурхоўвае і патрабуе ад нас, каб мы працавалі разам”, – сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу Мантураў перадаў Лукашэнку найлепшыя пажаданні Пуціна і Мішусціна.

“Аляксандр Рыгоравіч, Вам вялікае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Уладзіміра Уладзіміравіча, ад Міхаіла Уладзіміравіча”, – сказаў ён.

Расійскі віцэ-прэм’ер таксама адзначыў, што прамысловая прадукцыя займае больш за палову ва ўзаемных пастаўках.

“Хачу заўважыць, што па выніках мінулага года 65% у двухбаковых пастаўках склала менавіта прамысловая прадукцыя. Гэта сапраўды з’яўляецца асновай любой эканомікі. Самае важнае, што трэба адзначыць: не толькі гандаль з’яўляецца асновай сёння, але менавіта цесныя кааперацыйныя сувязі, якія мы звязалі на працягу апошніх гадоў, у тым ліку і нарматыўнай базай.

Не толькі ў рамках Саюзнай дзяржавы, але і еўразійскае эканамічнае аб’яднанне таксама дае пэўны стымул развіцця. У тым ліку за кошт сродкаў, якія паступаюць у выглядзе пошлін і накіроўваюцца потым на субсідзіраванне, кампенсацыю працэнтных ставак па крэдытах на сумесныя праекты”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!