Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларуская эканоміка знаходзіцца на ваенным становішчы. Яна сутыкаецца з “сур’ёзнейшым прэсам” і з Усходу, і з Захаду. Пра гэта ён заявіў, заслухоўваючы справаздачу ўрада аб працы эканомікі ў 2025 годзе і перспектывах на новы год.
«Як вы разумееце, мерапрыемства сёння не носіць урачысты характар. Вельмі хацеў бы, каб яно было рабочым.
Усе вы разумееце, я таксама, мы знаходзімся ў вельмі складанай, прынамсі няпростай, сітуацыі. І з усходу, і з захаду пад сур’ёзнейшым прэсам. Я кажу пра эканоміку. Хаця і палітыка яна і ёсць выражэнне эканомікі ў канцэнтраваным выглядзе, як казалі класікі.
Проста не будзе. Для таго мы і ёсць, як нас называюць — эліта, самыя падрыхтаваныя і інфармаваныя людзі. І ў любой сітуацыі мы павінны працаваць і выдаваць вынік”, — сказаў ён, адкрываючы мерапрыемства.
Лукашэнка падкрэсліў, што час для эканомікі цяпер амаль ваенны.
“Час амаль ваенны. Чаму? Эканоміка стала рэальным полем бою. Эканамічнымі інструментамі дасягаюцца мэты класічнай вайны: адабраць рэсурсы, выклікаць сацыяльныя пратэсты, прымусіць выконваць не нашы правілы — жыццё па іншых правілах”, — дадаў ён.
Перад пачаткам нарады Белстат апублікаваў даныя аб ВУП Беларусі ў студзені. Ён склаў 23,3 млрд рублёў і скараціўся на 1,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прамысловая вытворчасць у студзені ўпала на 3,4%. Лукашэнка таксама адзначыў спад у прамысловасці.
“Увесь год у гэтай найважнейшай сферы ішоў устойліва запаволены трэнд, у другім паўгоддзі спрацавалі з адмоўнай дынамікай 98,2%. Студзень 2026 года — яшчэ мінус 3,4%. У складанай сітуацыі знаходзіцца палова апрацоўчай прамысловасці. На ключавым расійскім рынку толькі Мінпрам не дабраў у мінулым годзе 1 млрд долараў. Усе яго прадпрыемствы ў чырвонай зоне. Назіраем падзенне выпуску ключавых тавараў”, — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што ў суботу прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын правёў нараду аб выкананні ў студзені 2026 года даведзеных планавых паказчыкаў па вытворчасці і экспарце прамысловай прадукцыі. Па яе выніках ён даручыў узмацніць кантроль за выкананнем паказчыкаў. На нарадзе былі заслуханы справаздачы не толькі кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, але і асобных прадпрыемстваў. Дырэктары даклалі аб прычынах падзення вытворчасці ў студзені. Даручана забяспечыць аб’ёмы ў лютым не ніжэйшыя за студзеньскія, а таксама нарасціць іх на працягу першага квартала.
Акрамя таго, пакуль не паведамлялася аб падпісанні дакументаў аб умовах паставак расійскага газу ў 2026 годзе, хаця адпаведныя праекты ўжо ўхвалены Аляксандрам Лукашэнкам, а ўрад упаўнаважыў на іх падпісанне віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча.
будзе дапоўнена