Фото: Reform.by
Аб’ём складскіх запасаў у прамысловасці ўпершыню перавысіў 12 млрд рублёў.
Паводле даных Белстата, на складах па стане на 1 лютага назапасілася запасаў на 12,044 млрд рублёў. За студзень яны выраслі на 808,49 млн рублёў, а ўзровень запасаў павялічыўся на 8,7 п.п. да 89% ад сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасці. Трэба адзначыць, што пры гэтым у студзені адзначалася скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці ў прамысловасці.
Найбольшыя запасы назапасілі ў Мінскай вобласці і сталіцы. На Міншчыне на складах ляжала прадукцыі на 2,9 млрд рублёў, а ў Мінску — амаль на 2,4 млрд рублёў. Ва ўсіх абласцях складскія запасы складалі больш за 1 млрд рублёў.
Узровень запасаў у чатырох рэгіёнах перавысіў месячны аб’ём вытворчасці. У Мінску ён склаў 115,2%, у Мінскай вобласці — 100,6%, у Гродзенскай вобласці — 114,2%, у Магілёўскай вобласці — 101,9%. Найменшым быў узровень запасаў на Гомельшчыне — 46% ад сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасці.